Як выратаваць нерухомасць у Беларусі, калі вы жывяце за мяжой
- 22.07.2024, 10:13
Ёсць некалькі варыянтаў.
У Беларусі ў верасні 2023 года выйшаў указ, паводле якога прадаць або падарыць нерухомасць у Беларусі стала магчымым толькі пры асабістай прысутнасці або з дапамогай даверанасці, аформленай унутры краіны. З-за гэтага нерухомасць многіх людзей, якія з'ехалі праз рэпрэсіі, апынулася ў "закладніках" дзяржавы. Улады, у сваю чаргу, пачалі канфіскоўваць і прадаваць чужую ўласнасць і накіроўваць грошы ў дзяржаўны бюджэт.
Закранула канфіскацыя не толькі апанентаў Лукашэнкі, але і іх сваякоў. "Белсат" расказаў, якія варыянты выратавання ўласнасці засталіся ў тых, хто з'ехаў з краіны, у залежнасці ад таго, ёсць у іх беларуская даверанасць ці не.
Калі ў вас ёсць аформленая ў Беларусі генеральная давернасць
Калі вы ў ліку шчасліўчыкаў, якія перад ад'ездам паспелі зрабіць генеральную даверанасць, праблем у вас павінна быць няшмат. Як правіла, яна дзейнічае тры гады.
Варыянт 1: прадаць нерухомасць
Часцей за ўсё даверанасць выпісваюць на мужа / жонку ці бацькоў, але прадаць нерухомасць самому сабе ім не ўдасца. Выйсце такое: прадаваць іншым блізкім сваякам (глядзіце іх пералік у арт. 1 Жыллёвага кодэксу) ці ж староннім асобам.
З блізкімі прасцей: яны потым сапраўды гэтак жа могуць перапрадаць ці падарыць жыллё тым, на каго вы выдалі даверанасць. Акрамя таго, пры рэгістрацыі ўгоды не абавязкова пералічваць грошы – вы можаце проста сказаць, што ўжо разлічыліся. Кошт жылля пры гэтым можа быць любы – у законе няма ніякіх мінімальных сум (але бяспечней сказаць штосьці блізкае да рэальнасці). Аднак гэта будзе ўгода, заснаваная выключна на даверы.
Калі такіх сваякоў у вас няма, застаецца прадаваць жыллё староннім асобам, афармляючы дакументы ў адпаведнасці з законам.
Падаходны падатак ад продажу нерухомасці (як родным, так і староннім людзям, у тым ліку замежнікам) плаціць не трэба. Але толькі пры ўмове, што гэта будзе першы продаж аднатыпнай нерухомасці за апошнія 5 гадоў (аднатыпная нерухомасць – дзве кватэры, дзве дачы, два дамы і г.д).
Зрэшты, калі б усё было так проста, гэта была б не Беларусь. Таму нават у выпадку наяўнасці гендаверанасці падрыхтуйцеся да такіх цяжкасцяў:
а) Гендаверанасць не дае права вас выпісаць з жылля
Асноўная праблема нават не ў гэтым: некаторыя пашпартысты могуць выпісаць вас і без асобнай паперкі, а калі не пашанцуе – можна зрабіць гэта паводле асобнай даверанасці, аформленай за мяжой.
Галоўная праблема ў тым, што ваеннаабавязаных з жылля цяпер выпісваць адмаўляюцца (ваенкамат не дае сваёй згоды). Раней яшчэ быў шанец абысці гэтую працэдуру, напрыклад, перарэгістраваўшыся ў іншым жыллі ў тым жа раёне. Цяпер і тут суцэльныя адмовы.
Але калі ўладальнік кватэры не ваеннаабавязаны і ў ёй не прапісаны непаўналетнія, праблемаў мусіць не быць – афармляеце даверанасць за мяжой і перарэгіструецеся ў іншае жыллё. Калі няма куды – робіце гэта праз суд.
б) Перарэгістравацца можна толькі пры наяўнасці вашага пашпарту
Вядома, перадаваць яго ў Беларусь цяпер мала хто захоча. На гэты выпадак таксама ёсць выйсце: выпісацца «ў нікуды» праз суд без пашпарту. Але суды цяпер таксама пачалі ўсё часцей адмаўляць у выпісцы ваеннаабавязаных у нікуды.
У самым неспрыяльным выпадку выйсце застаецца адно – прадаваць кватэру з прапісанымі там жыхарамі, пасля чаго ўжо новы ўладальнік выпісвае іх праз суд.
Паводле працаўніка аднаго з агенцтваў нерухомасці ў Беларусі, раней на такую ўгоду мала хто пагадзіўся б, але цяпер пакупнікі ўсё часцей згаджаюцца на гэткі варыянт за зніжку ў 5-6 адсоткаў.
Варыянт 2: падарыць нерухомасць блізкім
Гэты варыянт большасці «зʼехаўшых» наўрад ці пасуе, бо для яго рэалізацыі простай гендаверанасці недастаткова. У ёй мусіць быць прапісанае, што і каму можна паводле яе падарыць.
Але калі вы прадугледзелі загадзя такі варыянт, то можна падарыць сваю нерухомасць блізкім ці сваякам. І нават падаходны падатак плаціць не давядзецца (ён складае 13 % ад кошту жылля мінус Br 10431).
Для тых, у каго няма даверанасці з Беларусі
Тут, на жаль, улады пакінулі няшмат варыянтаў для тых, хто зʼехаў.
Варыянт 1 (рызыкоўны): ехаць у Беларусь вакольнымі шляхамі
Ёсць больш бяспечныя варыянты паездкі ў Беларусь, чым праз наземную беларускую мяжу. Напрыклад, праз наземныя пункты пропуску з Расеяй, абмінаючы любы транспарт, звязаны з купляй квіткоў паводле пашпарту.
Доўгі час праехаць на тэрыторыю Расеі праз Калінінград беларусам было вельмі проста і без якога-небудзь пашпартнага кантролю. Цяпер і гэты варыянт рызыкоўны: ФСБ пачала праводзіць допыты на мяжы ўсіх, у каго ёсць украінскія штампы.
Зрабіць даверанасць у Расеі таксама не варыянт – нягледзячы на ўсе дамоўленасці паміж краінамі, даверанасць, зробленая ў Расеі, у Беларусі вам не дапаможа прадаць нерухомасць. Давядзецца ехаць далей.
Варыянт 2: здаваць жыллё ў арэнду
У такім разе засцерагчы сваю нерухомасць ад канфіскацыі проста немагчыма, але іншых варыянтаў няма.
Гэта не адчужэнне нерухомасці, таму пасуе даверанасць, аформленая не ў Беларусі. Такім чынам, прынамсі, вы не страціце грошай праз прастой і вялікую плату за камунальныя паслугі, якая вынікае з таго, што вас прызналі «дармаедам».
Дарэчы, гэта можна даручыць не сваякам, а некаторым кампаніям, якія займаюцца нерухомасцю: вы падпісваеце з імі дамову, а яны робяць усё пад ключ – ад прыбірання кватэры і пошуку кватаранта да выплаты за вас падаткаў у Беларусі і пералічэння вам грошай за арэнду.
Дадаткова і праблему з дармаедствам развяжаце: калі вы плаціце падатак за здачу кватэры ў арэнду (ад 15 да 47 руб лёў), вас здымаюць з уліку як дармаеда.
Але ніхто не адмяняў і здачу кватэры ў арэнду без заключэння дамовы з далёкім сваяком. Вядома, гэта не выратуе вас ад падвышанай камуналкі, але і лішні раз «свяціцца» ў дзяржаўных органах Беларусі вы не будзеце.
Я атрымаў спадчыну ў Беларусі, што рабіць?
У гэтым выпадку варыянтаў беларускія ўлады вам амаль не пакінулі. Вы можаце толькі адмовіцца ад сваёй долі ў карысць іншага чальца сямʼі, дамовіўшыся, што пасля продажу ён верне вам вашую частку. Гэты варыянт заснаваны толькі на даверы, і закон у выпадку спрэчкі будзе не на вашым баку.