Кошты кватэр у Менску працягваюць расці
- 22.07.2024, 12:49
Трохпакаёвыя падаражэлі на 7%.
У другім квартале 2024 года кошты кватэр у Менску прадоўжылі рост, на першасным рынку асабліва прыкметна падаражэлі трохпакаёвыя - на 7%, паведамляе карэспандэнт агенцтва «Минск-Новости» са спасылкай на прэс-службу Дзяржаўнага камітэта маёмасці.
Гэта звязана з тым, што 40% угод было праведзена ў малапавярховым жылым комплексе на вул. С. Ясеніна, дзе цэны на такія кватэры былі вышэйшыя за сярэдні ўзровень рынку. Кошт аднапакаёвых кватэр вырас на 3%, а двухпакаёвых - на 5%.
Са звестак Дзяржкаммаёмасці, дзель угод на першасным рынку склала 11%, што адпавядае папярэднім паказчыкам. Сярэднія кошты на другасным рынку павялічыліся, перавысіўшы 1 600 даляраў за кв. м для аднапакаёвых кватэр. Фрунзенскі і Кастрычніцкі раёны застаюцца самымі папулярнымі для пакупак, а ў Першамайскім адзначаны значны рост угод.
- Самая дарагая коштам угода ў Менску ў другім квартале 2024 года была праведзеная з пяціпакаёвай кватэрай плошчай 176,7 кв. м, размешчанай на вул. Захарава. Цана кватэры ў доме 2016 года пабудовы эквівалентная 518 тысячам даляраў. Самая дарагая коштам квадратнага метра ўгода другі квартал запар фіксуецца на вул. Ратамскай. Квадратны метр у аднапакаёвай кватэры плошчай 50,4 кв. м абышоўся пакупніку на 3770 даляраў у эквіваленце, - паведамляюць у Дзяржкаммаёмасці.