BE RU EN

Беларус пайшоў на выкрут, каб вывезці з краіны буйную суму

  • 22.07.2024, 14:21

Але яе раскрылі мытнікі.

Каб незаконна вывезці з Беларусі больш за 54 тысячы даляраў ЗША, беларус раздаў іх сваім пасажырам. У выніку ён трапіў пад "крыміналку", паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце.

Мужчына на Opel Vivaro выязджаў з Беларусі праз пункт пропуску "Беняконі", рухаўся па зялёным калідоры. Ён і яго пасажыры заявілі, што не перамяшчаюць тавары, якія падлягаюць абавязковаму дэклараванню.

"Пры правядзенні дадатковых форм кантролю мытнікі ўстанавілі, што кіроўца свае грошы (54 тысячы даляраў) падзяліў паміж пасажырамі так, каб асобныя сумы не перавышалі 10 тыс. Менавіта ў такой колькасці грашовыя сродкі дазваляецца перамяшчаць праз мяжу без дэкларавання", - расказалі ў ДМК.

У дачынні да мужчыны мытнікі распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 228 КК (Незаконнае перамяшчэнне праз мытню Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў або грашовых інструментаў). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула - пяць гадоў пазбаўлення волі.

У ДМК нагадалі, што пісьмоваму дэклараванню падлягаюць грашовыя сродкі, якія перамяшчаюцца праз мяжу, на суму звыш 10 тысяч даляраў ЗША ў эквіваленце. За незаконнае перамяшчэнне звыш 30 тысяч даляраў у эквіваленце прадугледжаная крымінальная адказнасць.

Апошнія навіны