СМІ: Абама не падтрымаў Камалу Харыс
- 22.07.2024, 14:47
І заявіў пра іншага «выбітнага кандыдата».
Былы прэзідэнт ЗША Барак Абама не падтрымаў кандыдатуру Камалы Харыс як кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі на пасаду новага кіраўніка Белага дома. Пра гэта паведамляе New York Post.
Са слоў Абамы, дэмакраты замест гэтага абяруць неназванага «выбітнага кандыдата».
«Найбліжэйшыя дні мы будзем плаваць у нязведаных водах. Але ў мяне ёсць надзвычайная ўпэўненасць, што лідары нашай партыі змогуць стварыць працэс, з якога выйдзе выбітны кандыдат», - сказаў Абама.
Выданне нагадвае, што некаторыя дэмакраты асцерагаюцца, што Харыс можа яшчэ больш зменшыць шанцы партыі супрацьстаяць 78-гадоваму Дональду Трампу на выбарах 5 лістапада.
«Я думаю, што бачанне Джо Байдэна вялікадушнай, квітнеючай і аб'яднанай Амерыкі, якая дае магчымасці кожнаму, будзе цалкам прадэманстраванае на з'ездзе Дэмакратычнай партыі ў жніўні. І я чакаю, што кожны з нас будзе гатовы несці гэтае пасланне надзеі і прагрэсу наперад у лістападзе і далей», - адзначыў Абама.
Ён падкрэсліў, што разам са сваёй жонкай Мішэль выказвае «любоў і падзяку» Джо Байдэну і ягонай жонцы Джыл за тое, што «яны так умела і смела вялі нас у гэтыя небяспечныя часы - і за іх адданасць ідэалам свабоды і роўнасці, на якіх гэтая краіна была заснаваная».