BE RU EN

РФ пачала выкарыстоўваць аэрастаты для нападаў на Украіну

  • 22.07.2024, 14:56

Афіцэр УСУ патлумачыў, як з імі змагацца.

Расейскае войска пачало выкарыстоўваць спецыяльныя аэрастаты, якія дапамагаюць наносіць удары па ўкраінскіх вайсковых аб'ектах глыбока ў тыле. Як піша focus.ua, пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook украінскі вайсковец Сяргей Бяскрэснаў з пазыўным «Флэш».

Паводле ягоных слоў, украінскія вайскоўцы заўважылі выкарыстанне УС РФ аэрастатаў на розных кірунках фронту. Гэтыя сродкі ў залежнасці ад памеру месцяць ад 15 да 300 кубаметраў гелію, паднімаюцца на вышыню ад 500 да 3000 метраў, размяшчаюцца на адлегласці ад 20 да 50 км ад лініі баявога судотыку.

Пазней Сяргей Бяскрэснаў апублікаваў фота расейскай пазіцыі, над якой узвышаецца аэрастат аб'ёмам 35-40 кубаметраў, здольны падняць вагу блізу 20 кг. Як патлумачыў вайсковец, увесь час выкарыстоўваць новыя паветраныя шары, запаўняючы іх геліем, даволі складана і дорага, таму акупанты прывязваюць іх. Гэта таксама дапамагае хутка запускаць аэрастаты.

Юрый Касьянаў, афіцэр Узброеных сіл Украіны і распрацоўшчык дальнабойных ударных дронаў, у сябе ў Facebook адзначыў, што прывязныя аэрастаты, напоўненыя геліем, могуць падымацца на вышыню да 3 км разам з рэтранслятарамі для вайсковых радыёстанцый і абсталяваннем для сувязі з выведвальнымі беспілотнікамі. Дзякуючы гэтаму расейскія БПЛА залятаюць далёка ў тыл Украіны і заўважаюць важныя мэты, такія як самалёты, сродкі супрацьпаветранай абароны, штабы і склады.

«Потым да нас «прылятае». Гэта значыць, такія аэрастаты - вельмі важны элемент сучаснай высокатэхналагічнай вайны, які дае ворагу істотныя перавагі», - адзначыў Юрый Касьянаў.

Са слоў вайскоўца, з такімі паветранымі сродкамі сувязі УС РФ дастаткова проста змагацца, бо яны павінны знаходзіцца дастаткова блізка ад лініі фронту, на адлегласці амаль 50 км. Да таго ж аэрастаты цяжка замаскаваць, таму іх добра відаць на здымках, зробленых спадарожнікамі або выведвальнымі БПЛА.

«Далей справа тэхнікі. Нескладаныя і недарагія ўдарныя дроны самалётнага тыпу (яны ў нас ёсць) нават з невялікім зарадам наа 1-3 кг, накіраваныя на пазіцыі, змогуць альбо знішчыць аэрастат на зямлі, альбо абарваць трос разам з электрычным кабелем, які цягнецца да аэрастата, паднятага на вышыню», - распавёў Юрый Касьянаў.

Ён дадаў, што расейцы могуць прыкрываць аэрастаты сваімі сістэмамі СПА, але для абароны ад танных дронаў давядзецца выдаткоўваць каштоўныя ракеты. Чым больш акупанты іх запусцяць, тым лепш для Сіл абароны. Украіне ж патрэбны спадарожнікавыя здымкі і групы, якія здольныя запускаць самалёты-камікадзэ.

Апошнія навіны