Байдэн адмовіўся сыходзіць у адстаўку
- 22.07.2024, 21:50
Прэзідэнт ЗША апублікаваў заяву.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які напярэдадні пастанавіў выйсці з перадвыбарнай гонкі, адмовіўшыся ад спробы пераабірацца на другі тэрмін, паведаміў, што прадоўжыць займаць пасаду прэзідэнта. Заява апублікаваная на ягонай старонцы ў сацсетцы X.
У Рэспубліканскай партыі раней заявілі, што Байдэн пасля пастановы адмовіцца ад вылучэння на выбарах павінен пайсці ў адстаўку. Пра гэта ў тым ліку сказалі спікер палаты прадстаўнікоў кангрэса Майк Джонсан і сенатар ад Агаё Джэй Ды Вэнс, кандыдат у віцэ-прэзідэнты Дональда Трампа. Датэрміновую адстаўку раней выключалі ў прэс-службе Белага дому.
«Мы – Злучаныя Штаты Амерыкі, і няма нічога немагчымага, калі мы будзем дзейнічаць разам. Мы проста мусім памятаць, хто мы такія. Я прысвяціў сваё прэзідэнцтва таму, каб даказаць гэта, і я буду прадаўжаць рабіць гэта сёння, заўтра і кожны дзень, калі буду мець гонар быць вашым прэзідэнтам», – гаворыцца ў заяве Байдэна.
Пра выхад з гонкі за пасаду прэзідэнта Байдэн абвясціў 21 ліпеня, ён патлумачыў, што робіць гэта ў інтарэсах сваёй партыі і краіны. Абвяшчэнню кіраўніка дзяржавы папярэднічалі тыдні дыскусіі пра ягоную замену ў якасці кандыдата ад Дэмакратычнай партыі на фоне ўзросту палітыка (Байдэну 81 год), падазрэнняў у праблемах з яго здароўем і няўдалых дэбатаў з экс-прэзідэнтам, кандыдатам ад рэспубліканцаў Дональдам Трампам.
Кандыдаткай у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі цяпер павінна стаць віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс (пастанова будзе прынятая на з'ездзе 19–22 жніўня), яе ўжо падтрымаў сам Байдэн, які перамог на дэмакратычных праймерыз. У сваім першым выступе пасля пастановы кіраўніка дзяржавы выйсці з гонкі палітык сказала, што дасягненні Байдэна за апошнія тры гады «не маюць роўных у сучаснай гісторыі».