Паліну Шарэнду-Панасюк маглі этапаваць з «Навінак»
- 23.07.2024, 14:03
Родныя не паспелі перадаць ёй лекі.
Палітычную зняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк, магчыма, этапавалі з Рэспубліканскага цэнтру псіхічнага здароўя «Навінкі».
Пра гэта сайту Charter97.org паведаміў ейны муж, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда.
Паліне не паспелі перадаць прадукты, неабходныя рэчы і лекі. Цяпер невядома, дзе знаходзіцца палітычная зняволеная.
Нагадаем, у Паліны Шарэнда-Панасюк дыягнаставалі сур'ёзнае захворванне - хранічны панкрэатыт сярэдняй ступені цяжкасці.
Паліну Шарэнда-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы кватэры, правялі агляд, канфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА.
9 чэрвеня 2021 г. суд Маскоўскага раёна Берасця прысудзіў яе да двух гадоў калоніі, пасля чаго ёй некалькі разоў дадавалі тэрмін.
За гэтыя гады яе некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, а таксама на шэсць месяцаў адправілі ў ПКТ. Паліна знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. У калоніі ў актывісткі "Еўрапейскай Беларусі" моцна пагоршылася здароўе.