У Расеі пачалося цкаванне Z-спевака Білана
- 23.07.2024, 14:39
Праз ягоную заяву ў РФ могуць прыняць новы закон.
Дзіцячы амбудсмэн Татарстана звярнулася да віцэ-спікера Дзярждумы РФ Ганны Кузняцовай з патрабаваннем распрацаваць законапраект аб забароне прапаганды разводаў і сінглтона - сямейнай самоты. Гэта не першая такая ініцыятыва - штрафаваць за публічнае нежаданне заводзіць сям'ю ўжо прапаноўваў дэпутат-адзінарос Дзярждумы Султан Хамзаеў, піша «Можем объяснить».
Першай ахвярай новых павеваў стаў спявак Дзіма Білан, шматгадовы чалец журы і настаўнік у «Голасе», топавым праекце «Першага канала». Тыдзень таму спявак быў ганаровым госцем фестывалю VK Fest у Лужніках. І ўпершыню за доўгі час закрануў сваё асабістае жыццё. Падчас паблік-току яго спыталі: «Цяпер ідзе год сям'і. Ці не хацелася вам стварыць новую ячэйку грамадства ў такі год?» Ён адказаў, што "пакуль не плануе ствараць сям'ю", з улікам ранейшага негатыўнага досведу.
Z-прапагандысты прыняліся вінаваціць спевака ў недастатковай патрыятычнасці - упершыню пасля "голай вечарынкі", якая скончылася для Білана паездкай у акупаваны Данбас. Накінуўся на Білана і дэпутат Хамзаеў. «Так, дыскрэдытуе [сямейныя каштоўнасці]. Мы ж усё разумеем, што ён мае на ўвазе. У гэтым сэнсе ён з'яўляецца негатыўным паказальным прыкладам», - заявіў дэпутат у інтэрв'ю «Фантанцы».
Пры гэтым самотным мужчынам з'яўляецца сам спікер Дзярждумы РФ Валодзін: згодна з апублікаванай ім дэкларацый (апошняя была ў 2022 годзе), у яго няма жонкі, хоць ёсць маленькія дзеці.