BE RU EN

СМІ: У падарваным у Маскве аўто знаходзіўся маёр ГРУ

  • 24.07.2024, 10:20

Новыя падрабязнасці падрыву Toyota Land Cruiser.

Раніцай 24 ліпеня ў Маскве на паркоўцы жылога дома на вуліцы Сінявінскай у выніку дэтанацыі неўстаноўленага прадмета ўзарваўся аўтамабіль, паведаміла афіцыйная прадстаўніца МУС РФ Ірына Воўк.

Са звестак "Коммерсанта", у машыне Toyota Land Cruiser знаходзіўся 49-гадовы маёр ГРУ, а таксама ягоная жонка. Імя ваеннага - Андрэй Таргашоў, піша тэлеграм-канал "МК: тэрміновыя навіны". Ён займае пасаду намесніка начальніка цэнтра спадарожнікавай сувязі вайсковай часці 33790, дыслакаванай у Падмаскоўі, сцвярджае тэлеграм-канал Astra.

Паводле папярэдніх звестак, тратылавы эквівалент выбухной прылады склаў паўкіло, піша “Коммерсант”. Як удакладняе Baza, вайскоўцу адарвала ступні, а ягоная жонка атрымала ірваныя раны твару. Абодвух шпіталізавалі ў Боткінскі шпіталь. Афіцэр знаходзіцца ў шпіталі ў вельмі цяжкім стане.

Са слоў крыніцы “РІА Навін” у праваахоўных органах, адна з версій выбуху – “звязаны з прафесійнай дзейнасцю замах”. Распачатая справа паводле арт. 30 і 105 КК - замах на забойства, але пасля яго могуць перакваліфікаваць на тэракт, піша “Коммерсант”.

Старшыня Следчага камітэта Расеі (СКР) Аляксандр Бастрыкін даручыў паставіць справу на кантроль у цэнтральным апараце ведамства. Следчыя і крыміналісты СКР Масквы супольна з аператыўнымі службамі аглядаюць месца здарэння. Найбліжэйшым часам будуць назначаны медыцынская і выбухатэхнічная экспэртызы.

Апошнія навіны