Дроны атакавалі чыгуначную станцыю ў Курскай вобласці РФ
- 24.07.2024, 10:36
Пад удар трапіла і прамысловае прадпрыемства.
У Расеі паскардзіліся на атаку дронаў на Курскую вобласць уночы24 ліпеня. Падчас трывогі магутныя выбухі прагучалі ў раёне чыгуначнай станцыі ў Льгоўскім раёне.
У сацсетках расейцы публікавалі фота і відэа, на якіх бачны пажар на месцы трапляння, мясцовыя ўлады паспрабавалі запэўніць, што прылёт прыпаў на нібыта непрацоўнае прадпрыемства. Акрамя таго, расейцы паскардзіліся на атаку на прадпрыемства ў Суджы.
Аб «пагрозе нападу БПЛА» жыхароў Курскай вобласці папярэдзілі а 01:50 ночы. Неўзабаве пасля гэтага жыхары Льгоўскага раёна пачалі публікаваць відэа, на якіх чуваць гучныя выбухі, перадае obozrevatel.com.
Крыху пазней мясцовыя Telegram-каналы пачалі пісаць, што прылёт быў у раёне чыгуначнай станцыі.
«Папярэдне: вораг паспрабаваў атакаваць раён чыгуначнай станцыі ў Льгоўскім раёне Курскай вобласці», – напісаў адзін з паблікаў.
Мяркуючы з фота і відэа ў сеціве, на месцы прылёту ўспыхнуў пажар.
Мясцовыя ўлады аператыўна прыняліся зняпраўджваць сур'ёзнасць прылёту: маўляў, і прадпрыемства было непрацоўным, і пажар хутка патушылі.
«Сёння ўночы ўкраінскія беспілотнікі атакавалі непрацоўнае прадпрыемства ў горадзе Льгове. Пасля скідаў выбуховых прылад на тэрыторыі ўзнікла ўзгаранне, якое было аператыўна патушанае пажарнай камандай», – заявіў ІА губернатара Курскай вобласці Андрэй Смірноў.
Для якіх мэт выкарыстоўвалася гэтае «непрацоўнае прадпрыемства» і ці не былі там размешчаныя расейскія вайскоўцы, тэхніка або ўзбраення УС РФ – чыноўнік удакладняць не стаў.
Акрамя таго, губернатар Курскай вобласці паскардзіўся на атаку дронаў на прадпрыемства ў Суджы.
«Сёння ноччу ўкраінскія коптары атакавалі тэрыторыю прамысловага прадпрыемства ў горадзе Суджы. Ніхто з працаўнікоў не пацярпеў. Пасля скідаў выбуховых прыстасаванняў пашкоджаныя тэхналагічныя памяшканні і пэўнае абсталяванне», – дадаў Смірноў.