У Гомелі будуць судзіць экс-начальніка РАУС
- 24.07.2024, 10:55
За каментары пра калег.
У Гомельскім абласным судзе 6 жніўня пачнецца суд над 55-гадовым былым міліцыянтам Віленам Тургунавым. Яму пагражае да 12 гадоў калоніі. Працэс у закрытым рэжыме будзе весці суддзя Алег Харашка, піша праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Пра затрыманне Вілена Тургунова ў канцы траўня паведаміла “Радыё Свабода”. Прычынай затрымання гомельца сталі каментарыі ў інтэрнэце, у тым ліку негатыўныя ў бок міліцыі. Магчыма, з таго часу ён пад вартай.
Цяпер мужчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 2 арт. 367 (Паклёп на Лукашэнку).
Мужчына працаваў начальнікам у РАУС Чыгуначнага раёну Гомеля. Але, як пісала “Радыё Свабода”, на працы ў яго рэгулярна былі праблемы. У 2001 годзе ён атрымаў вымову за "безадказнае стаўленне да службы", у 2002 годзе яму абвясцілі аб "няпоўнай службовай адпаведнасці". У 2004 годзе зноў была вымова, ужо за "грубае парушэнне службовай дысцыпліны, парушэнне загаду МУС". Дата звальнення з органаў невядомая.
Да затрымання Тургуноў актыўна вёў старонкі ў розных сацыяльных сетках, дзе выказваўся пра палітычныя і сацыяльныя падзеі. За падтрымку Украіны іншыя карыстальнікі сетак называлі яго “бандэраўцам”.