Урад Уэльса ўпершыню ўзначаліць жанчына
- 24.07.2024, 20:30
Элунед Морган стала адзінай прэтэндэнткай на пасаду лідара валійскіх лейбарыстаў.
Лейбарысцкая партыя ва Уэльсе ў сераду, 24 ліпеня, абрала сваёй лідаркай жанчыну – Элунед Морган, якая павінна неўзабаве стаць першай жанчынай на пасадзе кіраўніка рэгіянальнага ўраду.
Пра гэта піша Politico.
Морган стала адзінай прэтэндэнткай на пасаду лідара валійскіх лейбарыстаў. Чакаецца, што яна неўзабаве будзе зацверджаная на пасадзе першай міністаркі Уэльса, паколькі яе партыя мае большасць у рэгіянальным парламенце – Сенедзе.
Да абрання лідаркай Лейбарысцкай партыі ва Уэльсе Элунед Морган цягам 1994–2009 гадоў была дэпутаткай Еўрапарламента, а з 2016-га працавала ў валійскім парламенце. Яе апошняя пасада – міністарка аховы здароўя Уэльса.
Як адзначае Politico, Морган стала пятай жанчынай у гісторыі Уэльса, якую абралі на сталую палітычную пасаду, і першай, якая нарадзіла дзіця, знаходзячыся на пасадзе. Акрамя таго, 57-гадовая Морган мае тытул баранэсы.
Новая лідарка лейбарыстаў прыйшла на змену Воўну Гетынгу, які на мінулым тыдні падаў у адстаўку з пасады кіраўніка партыі і першага міністра Уэльса на фоне ўнутраных скандалаў. Падставай да адстаўкі стала звальненне чатырох міністраў валійскага ўраду.
На момант абрання ў сакавіку Гетынг стаў першым цемнаскурым кіраўніком ураду ў Еўропе.
Калі менавіта Элунед Морган афіцыйна ўзначаліць урад Уэльса, пакуль невядома, паколькі Сенед цяпер знаходзіцца на летніх вакацыях.