Палітолаг: Гэта званочак для Лукашэнкі
- 30.07.2024, 21:01
Лёс дыктатара вызначыць Венесуэла?
Лукашэнка пасля сустрэчы з Пуціным сабраў нараду, на якой прагаварыўся, што адной з галоўных тэм размовы на Валааме была нафта - новая формула коштаўтварэння, утылізацыйны збор, папярэдняя аплата за яе.
Чаму ўзніклі гэтыя пытанні? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з палітолагам Дзмітрыем Балкунцом:
- Пачну з таго, што ўчора Пуцін падпісаў дамову аб аб'яднаным энэргетычным рынку Беларусі і РФ. Мяркую, што зараз яны дамовіліся аб агульных правілах працы на гэтым адзіным энэргарынку. Маглі быць урэгуляваны асноўныя пытанні, якія тычацца электраэнэргетыкі, газу і нафты.
На сённяшні дзень для Расеі Беларусь з'яўляецца вельмі важным партнёрам з пункту гледжання і збыту, і перапрацоўкі энэргарэсурсаў, каб нафтапрадукты паступалі на расейскі рынак. Праз вядомыя прычыны, а менавіта - вывад з ладу шэрагу расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў.
Для Беларусі ж зараз важна атрымліваць нафтапрадукты і газ самымі нізкімі коштамі. Думаю, што гэтае пытанне ўрэгуляванае, улічваючы складанасці, якія сёння склаліся ў РФ на сусветных рынках збыту і газу, і нафты. У гэтым плане Расея пайшла на пэўныя саступкі. Выгадна гэта і Крамлю, улічваючы тое, што ён максімальна зараз уцягвае Беларусь у ланцужок кааперацыі на шэрагу кірункаў.
- Якія, на ваш погляд, маглі быць закрытыя тэмы размоў паміж Пуціным і Лукашэнкам?
- Што тычыцца іншых пытанняў, якія там абмяркоўваліся, то гэта агульная абстаноўка ў рэгіёне, вайна ва Украіне, уцягванне беларускіх прадпрыемстваў у працу на расейскі рынак.
Таксама, думаю, што закраналася пытанне, звязанае і з санкцыйнай палітыкай, і будучымі «прэзідэнцкімі выбарамі» ў Беларусі. Да іх старту застаецца не больш за 9 месяцаў.
Трэба звярнуць увагу на тое, якім чынам Крэмль падаў гэтую сустрэчу, і ў якім выглядзе быў прадстаўлены Лукашэнкам.
Расейскія інфармацыйныя агенцтвы ў вельмі непрывабным выглядзе паказалі дыктатара. Я б звярнуў увагу, што ён не застаўся на ўрачыстыя мерапрыемствы ў Пецярбургу (мабыць, не было настрою), а ўчора, па вяртанні з трохдзённай выправы, правёў пашыраную нараду, дзе ўздымаў пытанні, якія перад гэтым абмяркоўваў з Пуціным.
Яшчэ адзначу, што сустрэча Пуціна з Лукашэнкам праходзіла без удзелу (прынамсі — публічнага) высокапастаўленых чыноўнікаў. Гэта можа быць званочак для Лукашэнкі, улічваючы ягоны стан здароўя.
Мяркую, што Крэмль можа (хоць Лукашэнка зараз іх максімальна задавальняе) намагаць на тым, каб Лукашэнка не ўдзельнічаў у чарговых «прэзідэнцкіх выбарах». Асабліва на фоне падзей, якія зараз адбываюцца ў Венесуэле.
Думаю, што гэта таксама важная лакмусавая паперка. У выпадку, калі ў Венесуэле народ абароніць сваё права выбару, то гэта балюча адаб'ецца на стане іншых аўтарытарных краін.