Удар па Пуціну
- 10.08.2024, 8:59
Крэмль не ведаў такіх выклікаў з часоў маршу паўстанцаў на Маскву.
Прарыў украінскіх войскаў углыб тэрыторыі РФ у Курскай вобласці стаў самым вялікім выклікам для прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з часоў паўстання наймітаў «Вагнера» ў чэрвені 2023 года, а на вяртанне занятых Узброенымі сіламі Украіны тэрыторый у гэтым рэгіёне ў расейцаў можа сысці год. Пра гэта піша The Washington Post.
Як адзначылі журналісты, атака на Курск заспела расейскую абарону знянацку, калі яна была слаба ўкамплектаваная і, здаецца, нічога не ведала.
«Гэта крах усёй сістэмы выведкі, і паколькі Пуцін нясе за гэта адказнасць, то зразумела, што гэта ўдар па Пуціну», – адзначыў палітычны аналітык Сяргей Маркаў.
У той самы час некаторыя расейскія аналітыкі выказвалі непакой, што адваёва захопленай украінскімі войскамі тэрыторыі можа заняць шмат часу, калі поўнамаштабны контрнаступ расейскіх падмацаванняў задоўжыцца яшчэ на некалькі дзён.
У такім выпадку ўкраінскія брыгады паспелі б акапацца на ўмацаваных пазіцыях, што патэнцыйна дало б Кіеву магутны козыр на будучых перамовах аб спыненні агню або мірных перамовах.
«Калі яны (украінцы, – рэд.) будуць дзейнічаць з такой хуткасцю, з якой Расея атакуе ў іншых месцах, то на вяртанне Курскай вобласці можа сысці год», – сказаў Маркаў.
У той самы час, паводле ягоных словаў, калі атака Украіны будзе адбітая, то гэта стане развязаннем праблемы для Пуціна.
«Людзі ўсё яшчэ спадзяюцца, што гэта скончыцца знішчэннем украінскіх сілаў», – растлумачыў Маркаў.
Журналісты The Washington Post таксама падкрэслілі, што паспяховая аперацыя на расейскай зямлі – пасля больш чым двух гадоў баявых дзеянняў амаль выключна на тэрыторыі Украіны – мела псіхалагічнае значэнне для Кіева, падняўшы баявы дух украінскіх войскаў і цывільнага насельніцтва, паказаўшы Пуціна і ягонае войска няздарымі і неэфектыўнымі.