BE RU EN

«У камісіі вочы вар'яцкія, старшыня, скурчыўшыся пад цяжарам бюлетэняў, бегла да мянтоў»

  • 10.08.2024, 11:38

Беларусы расказалі, як 9 жніўня 2020 года змяніла іх жыццё.

Для беларусаў 9 жніўня 2020 года назаўжды застанецца важным днём. У гэты дзень у краіне прайшлі «прэзідэнцкія выбары», пасля фальсіфікацыі якіх пачалася Рэвалюцыя.

Жыхары Барысава і Жодзіна чакалі закрыцця ўчасткаў для галасавання, каб паглядзець вынікі выбараў, але ўбачылі АМАП і натоўпы пратэстоўцаў.

Чытачы EX-PRESS.BY расказалі, як яны правялі гэты дзень, і як ён змяніў іх жыццё.

Аляксандр:

– 9 жніўня 2020 года раніцай быў вельмі добры настрой, усе апошнія месяцы настрой добрым быў, хоць і непакоіла нешта. Людзі, адзінства наша натхняла. Але пайсці на ўчастак выбарны мы не спяшаліся, хацелі зрабіць гэта проста перад закрыццём, а потым дачакацца вынікаў, паглядзець пратаколы. Мой участак для галасавання – у Палацы культуры БелАЗа.

І вось мы схадзілі, прагаласавалі, дачакаліся. А потым убачылі, як старшыня камісіі, загадчыца ЗАГСа Марына Кухто разам з суўдзельніцай уцякаюць з участку – не праз галоўны ход, а праз дзверы з левага боку будынка. Гэтага я не забудуся ніколі. Жанчына, скурчыўшыся пад цяжарам бюлетэняў, якія цягнула проста ў руках, бегла да мянтоў. Злачынства адбывалася на нашых вачах.

А потым мы ішлі да выканкама, я збегаў дадому па свой бчб-сцяг. Адключылі інтэрнэт, а мы, радуючыся, як дзеці, ад таго, што нас так шмат, з верай і са сваімі дзецьмі ішлі да выканкама. Узгадваю гэты жах, калі жодзінскія мясцовыя мянты пераапрануліся ў форму АМАПу і ахоўвалі ля ўваходу ў выканкам збеглых з усіх участкаў старшыняў камісій. Правакатары выскоквалі, рэальны АМАП прыехаў у Жодзіна і ганяў людзей…

Няўжо гэта ўсё можна забыцца? Я магу доўга расказваць пра тое, што памятаю пра гэты дзень. Але цяпер амаль ніколі не расказваю праз дзікі боль, які адчуваю, успамінаючы. Сёння іду на «Марш Годнасці» ў маім горадзе. Жыве Беларусь! І будзе жыць вечна.

Наталля:

– 9 жніўня 2020 года я яшчэ жыла ў Барысаве і спадзявалася на сумленныя выбары. Ішла на свой участак, усе мае суседзі ішлі, нават бабулю 80-гадовую ўзялі з сабой. Надзелі бранзалеты, глядзелі на цётак у камісіі з падазрэннем. І, як высветлілася, не дарма.

Фальсіфікавалі выбары яны нахабна. Хоць адна з нашай камісіі, знаёмая настаўніца, галасавала за Ціханоўскую – сама мне сказала. Тыпу выявіла смеласць прынцыповую. Потым я сустрэла яе, кажу: «Ну як жа так?» Яна занервавалася і гаўкнула, што я ўсё прыдумала. Такое вось нахабства, проста ў вочы хлусяць.

Марыя:

– Я галасавала ў Судобаўцы, ва ўчастку на пошце. Ужо 9 жніўня не сумнявалася, што выбары пастараюцца фальсіфікаваць. Глядзела на сяброў камісіі: быццам добрыя людзі, толькі напружаныя… Я нават сказала камісіі: «Лічыце, калі ласка, шчыра». Не магла паверыць, што Лукашэнка пасмее «перамагчы».

Побач з участкам быў канцэрт – жодзінскі гурт патрыятычнай песні «Саланг», так званыя «афганцы», забаўлялі народ расейскай папсой. Я яшчэ тады падумала, што хлопцы вымушаныя гэта рабіць, бо ў саліста гурту Сашы Лашука жонка ў ідэалогіі выканкама працуе, дык ён па-сямейнаму «дапамагае».

Увогуле, памылялася я. Цікава, усім гэтым сябрам камісіі, ідэолагам, «афганцам» ідэалагічным падабаецца рэальнасць, у якой мы ўсе з-за іх апынуліся? Вераць яны па-ранейшаму ўладзе? Нешта сумняваюся. Ну, калі толькі аўтатрэнінгам займаюцца кожны дзень.

Мікалай:

– Я з Барысава, але жыў у Менску, у «Новай Баравой». Як і многія мае сябры і суседзі, верыў у сумленныя прэзідэнцкія выбары. Калі подпісы збіралі, я падпісаўся і за Бабарыку, і за Цапкалу, і за Ціханоўскую. Карацей, за ўсіх акрамя Лукашэнкі…

У «Новай Баравой» чарга была з самай раніцы, на цэлы квартал. Потым быў ля Стэлы – жах, гранаты, АМАП, адключаны інтэрнэт... Пішу і ненавіджу! І потым яшчэ была вера, што нешта можна змяніць.

Але многае цяпер змянілася, няма той веры больш. Ёсць упэўненнасць у тым, што за свабоду Беларусі трэба ісці ваяваць. І я гатовы.

Вольга:

– Раніцай схадзіла ў царкву – 9 жніўня 2020 года было свята ў нашым храме, прыязджаў Веньямін. Мы чакалі ягоную пропаведзь, чакалі, што ён дабрасловіць нас на сумленны выбар – усё ж такі падзея важная ў краіне. А ён пра выбар – ні слова, толькі пра «ўладу ад Бога», пра паслухмянасць і пакорлівасць. Які агідны трэш. За гэта яго і прызначыў Лукашэнка потым верхаводам падкантрольнай царквы.

Потым разам з дачкой ішла на свой участак у новым дзіцячым садку – у камісіі вочы былі вар'яцкія, урны празрыстыя, бюлетэні ў гармонік складзеныя. Людзі ішлі плынню, белыя бранзалеты былі ў большасці. Ну, а ўвечары з акна бачыла, як на ўчастак наш мянтоўская машына заязджае і «выратоўвае» старшыню камісіі з бюлетэнямі, а людзі вакол дзіцячага сада – у шоку.

Настасся:

– Я загадзя пачынаю рыхтавацца псіхалагічна да гэтай даты. За некалькі дзён дык дакладна. Я нічога не забылася, усё дагэтуль трымаю ў памяці. І людзей, якія выйшлі на вуліцы, і міліцыю, АМАП, людзей у чорным, якія гэтых людзей ганялі. Прынамсі ў Барысаве 9 жніўня. Было страшна. Гэтае пачуццё і цяпер памятаю.

Мы выходзілі некалькі разоў. Я не была на ўсіх маршах, як некаторыя мае сяброўкі. Я была назіральніцай на выбарах, потым выйшла на пратэст, потым чакала мужа з турмы. Чакала два дні ў Жодзіне. Потым уцякала з краіны, у слязах, з болем. Ведала, што магу ніколі не вярнуцца. Некалькі разоў вярталася, але ў 2022-м назаўсёды пакінула свой дом. Я вымушаная будаваць новае жыццё ў цяжкіх умовах эміграцыі. Кожны дзень я сабе кажу, што я вярнуся ў Беларусь, хутчэй за ўсё, як госця, але гэтая магчымасць у мяне абавязкова будзе.

Апошнія навіны