«Ён ужо ў Маскве»: Пуцін рыхтуе замену для Герасімава
- 11.08.2024, 10:29
Хто можа ўзначаліць Генштаб РФ?
Начальніка Генштаба УС РФ Валерыя Герасімава могуць прызнаць вінаватым у правале расейскіх войск у раёне Курска, бо паводле звестак расСМІ, ён атрымліваў паведамленні аб падрыхтоўцы наступу на гэтым кірунку. Пра гэта ў інтэрв'ю «Главреду» распавёў палкоўнік запасу, вайсковы эксперт Алег Жданаў.
З яго слоў, у выніку гэтага ваеннага правалу, Крэмль можа пачаць працэс замены начальніка Генштаба УС Расеі. Аднак Жданаў адзначае, што пакуль цяжка сказаць, хто менавіта можа замяніць Валерыя Герасімава.
«Усе «вялікія палкаводцы» з зоркай героя Расеі на грудзях не справіліся. Улюбёнец Пуціна сярод усіх камандуючых акруг - Дворнікаў, які кіраваў Паўднёвай вайсковай акругай, не справіўся і быў звольнены», - адзначыў Жданаў.
Акрамя таго, ён адзначыў, што ўлюбёны генерал Пуціна па Сірыі Сяргей Суравікін таксама быў звольнены пасля шэрагу правалаў на ўкраінскім фронце.
«Хоць кажуць, што Суравікіна адклікалі са ссылкі ў Сірыі і ён ужо ў Маскве…», - рэзюмаваў Жданаў.