У адным з паркаў Беларусі дазволілі катацца на 40 каруселях «неабмежаваную колькасць разоў»
- 11.08.2024, 11:20
Ці змогуць на гэтым сэканоміць маладыя сем'і?
Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў паведаміў, што з 9 жніўня ў мясцовым парку ўвялі адзіны ўваходны квіток амаль на 40 атракцыёнаў. Са слоў «мэра», такая просьба паступіла да яго ад маладых бацькоў, якія скардзіліся на пэўныя нязручнасці.
Справа ў тым, што каруселі належаць розным уласнікам - дзяржпрадпрыемству «Гомельскі парк» і прыватнай арганізацыі «Смалянкаград». Такім чынам, каб пакатацца і там і там, бацькам трэба было набываць два ўваходныя квіткі на агульную суму 89 рублёў. Акрамя гэтага, даводзілася марнаваць час на тое, каб патрапіць у дзве чаргі.
«Дзіцяці не растлумачыш, чаму яно пазбаўленае выбару і па бранзалету яго прапускаюць толькі на пэўныя каруселі і паравозікі. Хацелася б, каб арганізацыі, якія працуюць на адной тэрыторыі, дамовіліся паміж сабой і ўвялі адзіны квіток на ўсе атракцыёны», - патлумачылі сутнасць звароту да «мэра» маладыя бацькі.
У Гомельскім гарвыканкаме да просьбы беларусаў прыслухаліся. Паводле слоў Уладзіміра Прывалава, «праз кароткі час» у парку ўвялі супольны квіток-бранзалет, з якім можна катацца на ўсіх атракцыёнах у парку цягам дня неабмежаваную колькасць разоў. Мэр дадаў, што «гэта не толькі зручна, але і выгадна». Так, замест 89 рублёў квіток на ўсе каруселі цяпер каштуе 80 рублёў, паведаміў гарадскі часопіс «Белка».
На сёння ў Гомельскім парку працуюць амаль 40 атракцыёнаў. Самыя танныя квіткі – па 3 рублі – на “Званкі” і “Паравозік з трыма вагонамі”, самыя дарагія – па 7 рублёў – на “Адрэналін” і “Аўтадром”. Сеанс катання на коле агляду каштуе 6 рублёў на чалавека.