«Гэта стане значнай стратай для Пуціна»
- 11.08.2024, 12:20
У NATO назвалі галоўныя мэты Украіны ў Курскай вобласці.
Экспертка NATO Стэфані Бабст мяркуе, што дзеянні УСУ ў Курскай вобласці ў РФ з'яўляюцца раптоўнымі і добра спланаванымі. Яна выдзеліла 5 мэт, якія могуць мець УСУ ў РФ. Аб гэтым яна сказала ў каментары нямецкаму выданню Bild.
Экс-кіраўніца штаба стратэгічнага планавання NATO Стэфані Бабст адзначыла падрыхтаванасць дзеянняў украінскіх байцоў на тэрыторыі РФ.
Яна мяркуе, што УСУ маюць наступныя мэты:
націснуць на Пуціна;
давесці сваю баяздольнасць - самой Украіне і Захаду;
аслабіць ціск расейскіх войск на іншых адрэзках фронту;
захапіць Курскую АЭС і пасля абмяняць яе на захопленую Расеяй Запарожскую АЭС падчас перамоў;
стукнуць па газавым экспарце Пуціна.
Стэфані Бабст мяркуе, што Украіна ў адрозненне ад Берліна і Вашынгтона зразумела, што павінна паставіць расейцаў у абарончае становішча і адначасова паказаць, што УСУ самі могуць ціснуць на расейскага агрэсара і ў перспектыве пераканаць хаўруснікаў адмовіцца ад згубных абмежаванняў выкарыстання заходніх сістэм узбраенняў.
Таксама ўкраінцы імкнуцца рассеяць УС РФ, якія былі сканцэнтраваныя ў Данецкай вобласці. Бабст таксама выказала сумневы, што УСУ хочуць захапіць Курскую АЭС, бо «ў ваенным плане гэта быў бы вельмі доўгі і цяжкі шлях».
На яе думку, УСУ хутчэй імкнуцца кантраляваць газавымяральную станцыю ў Суджы, праз якую ажыццяўляецца газавы экспарт. Станцыя - ключавы элемент апошняга газаправода, які звязвае Еўропу і Расею.
«Гэта стала б значнай стратай для газавага бізнэсу Пуціна», - мяркуе Бабст.