Ва Украіне назвалі галоўную мэту наступу ў Курскай вобласці
- 11.08.2024, 14:43
У ім удзельнічаюць тысячы вайскоўцаў.
Украінскае наступленне ў Курскай вобласці мае на мэце расцягнуць расейскае войска і дэстабілізаваць абстаноўку ў Расеі.
Пра гэта распавёў высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік у сферы бяспекі, піша «Нямецкая хваля» са спасылкай на AFP.
З яго слоў, у аперацыі ўдзельнічаюць тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў.
«Мы вядзем наступ. Мэта - расцягнуць пазіцыі супраціўніка, нанесці максімальныя страты і дэстабілізаваць сітуацыю ў Расеі, бо яна не ў стане абараніць сваю ўласную мяжу», - адзначыў чыноўнік.
Ён запэўніў, што Украіна будзе выконваць міжнароднае права падчас наступаў у Курскай вобласці.
Пры гэтым, са слоў чыноўніка, запаволіць наступленне расейскіх войск на ўсходзе Украіны пакуль не ўдалося.