На Алімпіядзе ў Парыжы закончыліся ўсе спаборніцтвы
- 11.08.2024, 18:39
У якой краіны найбольш медалёў і колькі ў беларусаў.
Спаборніцкая праграма Гульняў 2024 года вычарпаная. Апошнім у раскладзе быў фінал жаночага баскетбольнага турніру.
Амерыканкі перамаглі францужанак – 67:66. І гэта быў важны поспех для агульнага медальнага заліку, які вёўся паводле якасці ўзнагародаў.
Паводле вынікаў Гульняў у Парыжы прадстаўнікі ЗША заваявалі 126 медалёў: 40 залатых, 44 срэбныя і 42 бронзавыя. У Кітая столькі ж вікторый – 40. Але ў сумарным ліку траплянняў на пастамент (91) яны саступілі амерыканцам. У азіяцкіх спартоўцаў было ў Парыжы 27 другіх месцаў і 24 трэція месцы.
На трэцім месцы японцы – 20 залатых медалёў, 12 срэбных і 13 бронзавых. Усяго на Гульнях-2024 хоць бы аднойчы перамагалі прадстаўнікі 63 краінаў.
Нагадаем, на Алімпіядзе спаборнічалі 17 атлетаў з беларускім пашпартам. Яны чатыры разы патрапілі на пастамент. У скачках на батуце заваяваў золата Іван Літвіновіч, а Віялета Бардзілоўская была другой. Срэбра заваяваў прадстаўнік акадэмічнага веславання Яўген Залаты, а цяжкаатлет Яўген Ціханцоў стаў бронзавым прызёрам. У медальным заліку гэтыя вынікі не ўлічваліся.