Еўропа пачала вырошчваць на 30% менш бульбы
- 11.08.2024, 19:38
Краінамі-лідаркамі з'яўляюцца Нямеччына, Францыя і Нідэрланды.
У краінах Еўразвязу сабрана 48,3 млн тонаў бульбы. Гэта з'яўляецца найлепшым паводле аб'ёму паказнікам у параўнанні з 2022 годам, аднак у цэлым у краінах Еўразвязу назіраецца спад вытворчасці бульбы. «Узровень вытворчасці ў 2023 годзе быў на 27,9 млн тонаў меншы, чым у 2000 годзе, што эквівалентна падзенню на 36,7%», – паведамляе Еўрастат.
Сярод краінаў Еўразвязу найбольш вырошчваюць бульбы ў Нямеччыне, якая з'яўляецца пастаяннай лідаркай у вырошчванні гэтага віду сельскагаспадарчай прадукцыі – 11,6 млн тонаў, або 24% ад агульнага аб'ёму ЕЗ. Значна менш вырошчваюць бульбу ў Францыі (17,9 адсотка) і Нідэрландах (13,4 адсотка). Аднак разам гэтыя тры краіны Еўразвязу штогод вырошчваюць больш за 50–55% усяго ўраджаю бульбы ў Еўразвязе.
У Еўразвязе нязначная колькасць фермаў вырошчвае арганічную бульбу. Усяго ў ЕЗ больш за 9 мільёнаў фермаў, з якіх прыкладна 1 мільён спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Сярод іх толькі 25 тысячаў фермаў дэкларуюць вырошчванне арганічным спосабам. Гэты паказнік сведчыць, што арганічная бульба вырошчваецца толькі ў 2,5 адсотка гаспадарак. Больш за ўсё арганічнай бульбы вырошчваецца ў Аўстрыі – 25,6%.