«Як быццам нешта зламалася ў галовах маіх крэўных»
- 14.08.2024, 12:42
Як праўда аб Курскай вобласці нішчыць аргументы прыхільнікаў "рускага свету".
Мянчанка расказала сайту Charter97.org, як змяніліся яе браты, якія пражылі 20 гадоў у Расеі:
Саша і Дзіма ўжо даўно жывуць за мяжой – у РФ, не бачыліся мы гадоў 20. Таму я з радасцю сустрэла гасцей, прытуліла, ды так некалькі дзён і гаварылі пра жыццё. Згадвалі агульнае дзяцінства, вёску, гульні і сяброў. Падавалася, якое ж гэта шчасце мець родных. Але ж успаміны пра маленства хутка скончыліся. А як толькі загаварылі мы пра надзённае жыццё ды праблемы, то вочы маіх стрыечных братоў наліліся як у быкоў крывёй, шчокі надзьмуліся, і яны як ашалелыя пачалі пераконваць мяне, што ніякай вайны няма. Гэта толькі спецыяльная вайсковая аперацыя. Што засталося зусім крыху — злавіць Бандэру і Яраша. І тады ва ўсім свеце запануе спакой.
Адным словам, вуснамі маіх родзічаў гаварылі Скабеева, Пяскоў, Салаўёў.
Я неяк разгубілася, і спрабавала перавесці тэму, але мне гэта не ўдавалася. Як быццам нешта зламалася ў галовах маіх крэўных. Тады я пайшла ў наступ: а чаму ж вы тады свае тэрыторыі не можаце абараніць, чаму ўкраінцы пачалі займаць расейскія паселішчы?
Браты мае асалапелі, ім ажно мову заняло. Яны і не ведалі, што чаўпецца ў Расеі. Ведама ж, на расейскіх тэлеканалах пра ўварванне ўкраінскіх войскаў на тэрыторыю РФ маўчаць. А для іх вайны няма, пакуль бомба не ўпадзе ім на галаву.
Вось такая трагікамічная сітуацыя. З’ехалі мае госці з поўнай торбай беларускіх прысмакаў ды новай для сябе інфармацыяй. Можа, гэта ім дапаможа расплюшчыць вочы…