У РФ зафіксаваны рост дэфіцыту даляраў і еўраў
- 15.08.2024, 18:12
Дэфіцыт валют у замежным гандлі ЦБ РФ фіксуе другі месяц запар.
Прыток у Расею даляраў і еўраў - галоўных валют сусветнага гандлю, на якія прыпадае да 90% глабальнага тавараабароту, - працягвае зніжацца, даў справаздачу ў чацвер ЦБ РФ.
Паводле статыстыкі рэгулятара, у другім квартале ў "непрыязных" валютах было аплачана толькі 17,6% расейскага экспарту - амаль удвая менш, чым красавіку-ліпені мінулага года (32,3%), і ў 5 разоў менш, чым да вайны (84,6% у 2021 годзе).
У чэрвені дзель даляраў і еўраў у экспартных даходах ўпала яшчэ ніжэй - да 15,6%, а іх прытоку не ставала, каб кампенсаваць усе выдаткі на закупку імпарту за "непрыязныя" валюты (яго дзель склала 22,4% за другі квартал і 21% у чэрвені).
У выніку гандлёвае сальда ў далярах і еўрах стала дэфіцытным - на $0,4 млрд, паводле падлікаў «Інтэрфакса». Дэфіцыт даляраў і еўра ў вонкавым гандлі ЦБ фіксуе другі месяц запар, прычым яго памер нарастае: у траўні гэта было $0,2 млрд.
Праблемы ў разліках валютамі непрыязных краін у расейскіх удзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці ўзмацняюцца, канстатуе дырэктар у перспектыўных фінансавых тэхналогіях Расейскага экспартнага цэнтра Ангеліна Акіменка: рызыка другасных санкцый усё часцей прымушае замежныя банкі адмаўляцца ад апрацоўкі аперацый.
У выніку Расея змушана пераходзіць у «юаневую» зону: дзель кітайскай валюты ў аплаце экспарту ў другім квартале дасягнула 42,4%. Рэшту, са звестак ЦБ, прыпала на рублі, дзель якіх трымаецца блізу 40% амаль год.
Зрэшты, гандляваць з Расеяй за рублі або нацыянальныя валюты гатовы далёка не ўсе, нават у краінах, якія Крэмль уважае за "прыязныя": напрыклад, у БРІКС контрагенты з краін БРІКС аддаюць перавагу цвёрдым валютам (гэта значыць даляры і еўры), заўважае кіраўнік мэтавай групы BRICS. Payments & Fintech працоўнай групы «Фінансавыя паслугі і інвестыцыі» Дзелавой рады БРІКС Андрэй Міхайлішын. Праз пагрозы санкцый такія аперацыі будуць скарачацца і надалей, мяркуе ён.
Сукупныя экспартныя даходы эканомікі за другі квартал выраслі на 3,8% у параўнанні з першым - да $115,3 млрд. Аднак рэальнай замежнай валюты краіна атрымала толькі на $66,4 млрд, вынікае са статыстыкі ЦБ. Прыток даляраў і еўраў склаў толькі $20,3 млрд за тры месяцы, што ў пераліку на год - $80,9 млрд - адпавядае мінімальнаму валютнаму даходу з 1999 года.