BE RU EN

«Мама, мы ў шоку»: расейскія прызыўнікі ў Курскай вобласці раптоўна апынуліся на перадавой

  • 16.08.2024, 10:17

Іх размясцілі без зброі ў вёсцы за 500 метраў ад мяжы.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абяцаў, што дрэнна навучаных прызыўнікоў не будуць адпраўляць на вайну ва Украіне. Аднак зараз лінія фронту перайшла на тэрыторыю РФ, і сем'і прызыўнікоў, дыслакаваных у Курскай вобласці, б'юць трывогу наконт сваіх блізкіх. У розных сацыяльных сетках распаўсюджваюцца дзясяткі паведамленняў ад людзей, якія сцвярджаюць, што яны з'яўляюцца сямейнікамі расейскіх прызыўнікоў, якія зніклі без вестак у Курскай вобласці.

Як піша CNN, паведамленні ў расейскіх Telegram-каналах за апошнія некалькі дзён паказалі, наколькі РФ была не гатовая да такога нападу.

«Калі а трэцяй гадзіне ночы мяжу атакавалі танкі, там былі толькі прызыўнікі, якія баранілі сябе. Яны не бачылі ніводнага жаўнера, ніводнага кантрактніка - яны наогул нікога не бачылі. Мой сын патэлефанаваў пазней і сказаў: «Мама, мы ў шоку», - напісала маці вайскоўца-тэрміновіка з Курскай вобласці.

Акрамя таго, расейскае выданне навін «Вёрстка» апублікавала інтэрв'ю з Наталляй Апель, бабуляй аднаго з расейскіх прызыўнікоў, які служыў у Курску і зараз уважаюцца за зніклых без вестак.

Яна расказала, што яе ўнук Уладзіслаў быў раскватараваны - без зброі - у вёсцы за 500 метраў ад мяжы. «Што маглі зрабіць хлапчукі? Ісці супраць украінскіх жаўнераў з рыдлёўкай?», - сказала яна.

Як адзначае CNN, той факт, што Расея спадзявалася на прызыўнікоў пры абароне мяжы, магчыма, тлумачыць, чаму ўкраінскім войскам удалося прасунуцца на расейскую тэрыторыю з такой відавочнай лёгкасцю.

У адрозненне ад прафесійных жаўнераў, прызыўнікі праходзяць толькі абмежаваную падрыхтоўку перад адпраўкай на службу, бо закон забараняе ім адпраўляцца за мяжу, і яны не прызначаныя для ўдзелу ў баявых дзеяннях.

Замест гэтага Расея часта размяшчае іх на межах. Але калі Украіна пачала сваё нядаўняе нечаканае ўварванне, гэтыя прызыўнікі раптоўна апынуліся на перадавой, зусім не гатовыя да самаабароны.

Апошнія навіны