BE RU EN

Sky News: Расейцы масава здаюцца ў палон у Курскай вобласці

  • 16.08.2024, 10:27

УСУ вывозяць палонных па некалькі разоў на дзень.

Уварванне Украіны ў Курскую вобласць РФ папоўніла абменны фонд рэкорднай колькасцю палонных. Пераважна гэта маладыя тэрмінавікі.

Як піша Sky News, палонных расейцаў утрымліваюць у камерах з двух'яруснымі ложкамі. Некаторым ад 19 да 21 года. Палонныя расказалі журналісту пра шок, перажыты нападам украінскіх войск на Курскую вобласць. Яны сказалі, што ўсё адбылося вельмі хутка, і яны проста здаліся.

Мужчыны сказалі, што іхнія сем'і не ведаюць, што з імі адбылося. Палонныя спадзяюцца, што іх абмяняюць на ўкраінскіх ваеннапалонных найбліжэйшым часам.

У пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну дыктатар Уладзімір Пуцін запэўніваў, што вайскоўцаў тэрміновай службы не адпраўляюць на перадавую. Зрэшты, пераважна маладыя прызыўнікі і абмежаваныя падраздзяленні памежнікаў трымалі абарону Курскай вобласці. За іхнімі спінамі хаваліся «кадыраўцы».

Невялікая колькасць палонных у камерах былі параненыя падчас уварвання. Украінскі афіцэр, які займаўся транспартаваннем затрыманых з поля бою ва ўкраінскія месцы ўтрымання, паведаміў, што ўсім, хто мае раненні, надаецца медыцынская дапамога.

«Па-першае, мы ацэньваем іх псіхалагічны стан, каб убачыць, наколькі яны гатовыя працягваць паездку», - сказаў афіцэр, які пажадаў застацца ананімным.

«Таксама мы правяраем палонных, якія атрымалі раненні ці то ад баявых раненняў, ці то ад няправільнага абыходжання са зброяй. Пасля гэтага мы даем паслугі па суправаджэнні. Падчас суправаджэння мы транспартуем параненых байцоў у цывільныя лякарні, дзе ім надаецца спецыяльная медыцынская дапамога для стабілізацыі стану здароўя перад далейшым этапаваннем у цэнтры ўтрымання ваеннапалонных», - дадаў суразмоўца.

Афіцэр сказаў, што ён быў вельмі заняты, бо ягоная каманда перадала некалькі сотняў палонных з пачатку наступу на Курскую вобласць.

«Прапускная здольнасць калоны не дазваляе перавозіць адразу вялікія групы, таму даводзіцца здзяйсняць некалькі паездак, выконваючы ўсе пратаколы», - сказаў ён.

Афіцыйны прадстаўнік ізалятара сказаў, што крыху больш чым за тыдзень там прынялі больш за 200 ваеннапалонных.

«Іх пераапранаюць, мыюць, а затым размяркоўваюць па камерах. Потым праваахоўныя органы праводзяць працэсы фільтрацыі. Калі ўсё праверана, асоб адпраўляюць у лагеры. У гэтых лагерах утрымліваюцца іншыя ваеннапалонныя, дзе яны чакаюць абмену», - распавёў афіцэр, які назваўся Вадзімам.

На пытанне, ці плануецца абмен захопленых Украінай асобаў на ўкраінскіх ваеннапалонных з расейскага боку, афіцэр адказаў: «Ну, вядома. Усіх ваеннапалонных трэба абмяняць».

Акрамя таго, адзін з аўтараў гэтага матэрыялу - украінскі журналіст Азад Сафараў - у Facebook апублікаваў каментар украінскага афіцэра, які займаецца транспартваннем палонных з Курскай вобласці. Са слоў вайскоўца, маштабы ўзяцця ў палон уражваюць.

«Я сплю па 2-3 гадзіны за дзень. Мы вывозім па некалькі разоў на дзень расейскіх палонных. Прыязджаем, у нас усяго 7-8 месцаў засталося, а нас просяць узяць яшчэ 15. Я столькі расейскіх палонных не бачыў нават падчас Харкаўскай аперацыі ў 2022 годзе», - кажа афіцэр Узброеных сіл Украіны

Як піша The Independent, украінскія войскі ўзялі расейскіх салдат у палон, каб выкарыстоўваць іх як разменную манету для абмену сваіх цывільных і вайскоўцаў. Адзін украінскі палкоўнік распавёў выданню, што амаль 2000 расейскіх салдат трапілі ў палон.

Апошнія навіны