Расейскія ваенкары ўцяклі з-пад абстрэлу Льгова на амерыканскім пікапе Ford
- 16.08.2024, 10:45
Уцёкі ў Курскай вобласці знялі на відэа.
Расейскія ваенкары 15 жніўня пабывалі ў Льгове Курскай вобласці, на які актыўна наступаюць УСУ, але паказаць сябе героямі ім не ўдалося. Усё, што яны змаглі прадэманстраваць, - кадры ўласных уцёкаў з горада пасля пачатку абстрэлу ўкраінскіх войск.
У трох відэа Z-ваенкараў расейскія прапагандысты паспелі тройчы праваліцца, піша dialog.ua.
Упершыню расейскія журналісты апраставалосіліся, паспрабаваўшы выдаць велізарную варонку пасярод Льгова за след ад падзення ракеты HIMARS.
Дыяметр варонкі сведчыць аб падзенні КАБа або ФАБа. Вышэйназваныя бомбы маюцца толькі ў распараджэнні войска РФ, гэта значыць, акупанты скінулі яе на свой жа горад.
Раней неаднаразова паведамлялася, што расейскія бамбавікі, запускаючы бомбы па Украіне, губляюць іх і на сваёй тэрыторыі, бо зброя, як і самалёты, старая і няякасная.
Пра гэта яшчэ ў ліпені маглі дакладна расказаць жыхары Шабекіна, якія «прынялі» на свае галовы амаль 100 расейскіх бомбаў.
Другім правалам пуцінскіх ваенкараў можна ўважаць іх уцёкі з Льгова. Журналісты якраз пачалі расказваць, што гераічна вярнуліся на месца пасля абстрэлу, прадэманстраваўшы медыцынскую сумку.
Праз некалькі секунд прагрымелі выбухі, і ім давялося ўцякаць назад да аўтамабіля.
«Пайшлі, пайшлі, давай, гэта паўторны абстрэл», - крычалі на відэа ваенкары, «гераічна» пакідаючы горад.
Трэцім і найбольш іранічным правалам стаў іх транспартны сродак.
Журналісты-акупанты, якія ў кожным сюжэце паведамлялі аб «пераможнай вайне з NATO», уцякалі з Льгова на пікапе амерыканскай фірмы Ford, што прыкметна на другім і трэцім відэа.