У Менску прадаюць «Падземны горад»
- 16.08.2024, 22:42
За пяць мільёнаў даляраў.
Гандлёвы цэнтр «Падземны горад», размешчаны ў падземным пераходзе станцыі метро «Партызанская», зноў выстаўлены на аўкцыён праз платформу «ІПМ-таргі».
Гэты гандлёвы цэнтр, адкрыты ў 2001 годзе, уважаецца за першы падземны гандлёвы комплекс у Беларусі. Ягоная агульная плошча складае 2564,4 квадратнага метра, пры гэтым арэнда на 800 квадратных метраў заканчваецца да канца года.
Упершыню «Падземны горад» быў выстаўлены на гандаль у траўні сёлета з пачатковым коштам 7 736 083,2 рубля (блізу 2,5 млн даляраў). Аднак на паўторным гандлі кошт значна вырас і цяпер складае 16 495 494 рублі (5,2 млн даляраў).
Аўкцыён прызначаны на 17 верасня. Пераможца таксама павінен будзе аплаціць 500 рублёў у якасці выдаткаў на правядзенне аўкцыёну і 1% ад канчатковага кошту на карысць арганізатараў гандлю.