Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс паразмаўляла з Юліяй Навальнай
- 2.08.2024, 9:53
Пасля вызвалення з расейскіх турмаў 16 палітычных зняволеных.
Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Гарыс паразмаўляла ў чацвер з Юліяй Навальнай, удавой Аляксея Навальнага, пасля вызвалення з расейскіх турмаў 16 палітычных зняволеных. Сярод вызваленых былі трое амерыканцаў, пяцёра грамадзян Нямеччыны і сямёра грамадзян Расеі. Паведамленне аб гэтым апублікаванае на сайце Белага дома.
Віцэ-прэзідэнтка вітала вызваленне палітычных вязняў і пацвердзіла, што працягне падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабоду ў Расеі і ва ўсім свеце. Гарыс высока ацаніла мужнасць Навальнай цягам "працы яе мужа за справядлівасць і вяршэнства закона ў Расеі", - гаворыцца ў заяве Белага дома.
Камала Гарыс раней сустракалася з Юліяй Навальнай у лютым 2024 года на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы, праз некалькі гадзін пасля весткі аб смерці Навальнага ў расейскай турме. Віцэ-прэзідэнтка напісала артыкул аб Юліі Навальнай для спецыяльнага нумара часопіса TIME, прысвечанага 100 самым уплывовым людзям 2024 года, гаворыцца ў публікацыі "Голас Амерыкі".
Навальная раней назвала "вялікім шчасцем" вызваленне палітычных вязняў з расейскіх турмаў. “Кожны вызвалены палітычны зняволены - гэта вялізная перамога і радасць. Ніхто не павінен быць закладнікам Пуціна, зазнаваць катаванні і паміраць у турме Пуціна”, - напісала яна ў сваім допісе на платформе X. Пра гэта паведаміла Расейская служба “Голаса Амерыкі”, якая назвала абмен зняволенымі паміж Захадам і Масквой “найбуйнейшым з часоў халоднай вайны”.