The Telegraph: Расея і Кітай надумалі праверыць амерыканскую СПА на Алясцы
- 2.08.2024, 10:18
Адбылася дастаткова рэдкая з'ява.
Кітайскія і расейскія бамбавікі 24 ліпеня разам уляцелі ў зону амерыканскай СПА на Алясцы, што заахвоціла амерыканскія і канадскія сілы пачаць іх перахоп і суправаджэнне.
Такое сутыкненне не нясе пагрозы сур'ёзнай эскалацыі, аднак яно, як піша The Telegraph, стала напамінам аб пашырэнні паветранай моцы Кітая, і яно падкрэслівае высокія стаўкі, паколькі амерыканцы спехам распрацоўваюць контрмеры.
Калі 24 ліпеня два бамбавікі КНР Xi-an H-6 і два расейскіх бамбавікі Ту-95 уляцелі ў зону СПА Аляскі, знішчальнікі ВПС ЗША і Канады падняліся ў паветра, каб сустрэць іх.
Выданне адзначыла, што перахопы расейскіх самалётаў - звычайная справа. Перахопы кітайскіх самалётаў - больш рэдкая з'ява, і з вельмі простай прычыны. Калі справа даходзіць да далёкай авіяцыі, ВПС войска Кітая на дзесяцігоддзі адстаюць ад ВПС Расеі ці ЗША.
Як адзначыла выданне, па меры ўдасканалення кітайскіх бамбавікоў яны ўсё далей і часцей выходзяць у Ціхі акіян. Не сакрэт, што гэтыя далёкія вылеты з'яўляюцца трэніроўкай перад вайной.
"Калі Кітай калі-небудзь апраўдае дзесяцігоддзі пагроз і ўварвецца на Тайвань, а ЗША прыйдуць на дапамогу Тайваню, чакайце, што кітайскія бамбавікі нацэляцца на авіяносныя групы ВМС ЗША ў моры, а патэнцыйна і на базы ВПС ЗША па ўсім Ціхаакіянскім рэгіёне", - напісала выданне.
"Спыненне гэтых бамбавікоў стане галоўным прыярытэтам амерыканскіх лётчыкаў-знішчальнікаў, якія абараняюць флот і базы ЗША", – рэзюмавала выданне.