Шольц: Пастанова пра абмен кілера Красікава не была лёгкай
- 2.08.2024, 11:02
Канцлер Нямеччыны патлумачыў выдачу расейскага забойцы.
Пастанова аб абмене расейскага забойцы Вадзіма Красікава не была лёгкай для Нямеччыны. Але некаторыя са зняволеных у Расеі асцерагаліся за сваё здароўе і жыццё.
Пра гэта заявіў канцлер Нямеччыны Олаф Шольц, паведамляе Spiegel і Bild.
Шольц адзначыў, што многія са зняволеных у Расеі асцерагаліся за сваё здароўе і жыццё, таму важна, што "мы зрабілі магчымай гэтую абарону для іх тут".
Канцлер Нямеччыны назваў нялёгкай пастанову аб выдачы расейскага кілера Красікава.
"Нікому не было лёгка прыняць пастанову аб дэпартацыі забойцы, прысуджанага да пажыццёвага зняволення пасля некалькіх гадоў турмы", - заявіў ён.
Пастанову аб абмене Красікава прыняла кааліцыя пасля папярэдніх абмеркаванняў. Лідар апазіцыі Фрыдрых Мерц быў праінфармаваны на ранняй стадыі і пагадзіўся з пастановай.
Міністр юстыцыі Марка Бушман, каментуючы абмен, заявіў, што месяцы супрацоўніцтва з ЗША зрабілі яго магчымым.
Адносна выдачы Красікава Бушман сказаў: «Магчыма, самая дрэнная саступка Пуціну тычыцца маёй сфэры адказнасці як міністра юстыцыі. Мы дэпартавалі ў Расею забойцу, які быў асуджаны ў Нямеччыне ў адпаведнасці з законам. Без гэтага кроку журналісты, палітыкі і іншыя зняволеныя не былі б вызваленыя».
Раней выданне Welt пісала, што Красікаў быў дэпартаваны з Нямеччыны, але не быў памілаваны. Прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер мог памілаваць расейскага забойцу, які быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення, але гэтага не адбылося.
Для абмену ўрад Нямеччыны прымяніў раздзел 456а Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, які дазваляў дэпартаваць расейца. Красікаў быў дэпартаваны паводле пастановы іміграцыйнай службы горада ў Ніжняй Баварыі, дзе знаходзілася яго турма.
Нагадаем, учора, 1 жніўня, адбыўся маштабны абмен зняволенымі паміж Расеяй і краінамі Захаду. Абмянялі 24 зняволеных.