BE RU EN

Судовым прыставам дазволілі страляць у расейцаў

  • 2.08.2024, 12:25

Савет федэрацыі ўхваліў закон.

Савет Федэрацыі ўхваліў закон, які дазваляе судовым прыставам прымяняць у дачыненні да расейцаў агнястрэльную зброю, электрашокеры, гумовыя палкі і кайданкі, паведамляе “РІА Навіны”. Адпаведныя папраўкі ўносяцца ў закон "Аб органах прымусовага выканання РФ".

Згодна з тэкстам законапраекта, прыставы атрымліваюць права выкарыстоўваць зброю для абароны суддзяў, удзельнікаў судовага працэсу, сведак, грамадзян, а таксама супрацоўнікаў органаў прымусовага выканання, калі на іх здзяйсняецца замах, спалучаны з гвалтам, небяспечным для жыцця або здароўя.

Зброю можна будзе выкарыстоўваць для прадухілення ўцёкаў з-пад варты, пры спробах завалодання зброяй праваахоўнікаў і ў выпадку групавога ці ўзброенага нападу на суд, судовыя памяшканні і будынкі органаў прымусовага выканання.

Акрамя таго, прыставы змогуць прымяняць агнястрэльную зброю для затрымання асобы, якую застала пры ўчыненні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства і якая спрабуе схавацца, калі іншымі спосабамі затрымаць яе нельга.

У выпадку прычынення ранення грамадзяніну або наступлення яго смерці прыстаў будзе абавязаны паведаміць пракурору і сваякам грамадзяніна на працягу дня. Таксама ён павінен будзе "па магчымасці" захаваць без змены месца здарэння.

У той жа час у законе прапісана, што прымяненне фізічнай сілы, спецсродкаў і агнястрэльнай зброі не павінна ствараць пагрозу жыццю і здароўю выпадковых асоб. Пры гэтым прыстаў не нясе адказнасці за нанесеную ў выніку законнага прымянення сілы шкоду грамадзянам і арганізацыям.

Прымяняць спецсродкі забараняецца ў дачыненні да цяжарных жанчын, інвалідаў і непаўналетніх за выключэннем выпадкаў ўзброенага супраціву і нападу, які пагражае жыццю. Пры ўжыванні гумовай палкі забаронена наносіць удары па галаве, шыі, ключыцам, жываце, палавым органам і ў грудзі.

Службоўцам у органах прымусовага выканання будзе неабходна праходзіць спецпадрыхтоўку і перыядычную (не радзей як раз на год) праверку на прыдатнасць да пералічаных дзеянняў.

Апошнія навіны