Расейскага шпіёна затрымалі проста ў парламенце Малдовы
- 2.08.2024, 14:02
Памочнік вайсковага аташэ РФ абвешчаны "персонай нон грата".
Міністэрства замежных спраў Малдовы абвясціла "персонай нон грата" супрацоўніка пасольства Расеі. Пра гэта ведамства апавясціла амбасадара Расеі ў Кішынёве Алега Васняцова, паведамляе NewsMaker.
"Пастанова аб высылцы была прынятая ў выніку праведзеных мерапрыемстваў, якія дазволілі сабраць інфармацыю і довады таго, што расейскі дыпламат ажыццяўляў на тэрыторыі Малдовы дзейнасць, несумяшчальную з дыпламатычным статусам", - гаворыцца ў паведамленні МЗС Малдовы.
Паводле слоў расейскага пасла, "персонай нон грата" абвешчаны памочнік вайсковага аташэ, які павінен пакінуць Малдову "на працягу пэўнага часу". Як паведамляюць крыніцы малдаўскай службы Радыё Свабода ў дыпламатычных колах, размова ідзе пра памочніка вайсковага аташэ пасольства Расеі ў Кішынёве Дзмітрыя Келава.
Келаў быў чальцом расейскай дэлегацыі ў Адзінай кантрольнай камісіі - трохбаковай структуры, якая адказвае за курыраванне сітуацыі ў непрызнаным Прыднястроўі.
У Маскве Келаў, паводле расследавання Радыё Свабода, быў прапісаны ў доме, які на працягу многіх гадоў выкарыстоўваўся для размяшчэння супрацоўнікаў ГРУ, у тым ліку Анатоля Чапігі, абвінавачанага ў 2018 годзе ў атручванні былога раскйскага шпіёна Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі ў Вялікабрытаніі, а таксама падазраванага ў сабатажы і ў выбуху ў 2014 годзе на складзе зброі ў Чэхіі.
Учора пасля ператрусаў у парламенце Малдовы затрымалі супрацоўніка парламента і прадстаўніка памежнай паліцыі ў падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе і змове. Радыё Свабода пісала, што расследаванне вядзецца ў дачыненні да кіраўніка юрыдычнага дэпартамента парламента Малдовы Іона Крангэ. Яго злавілі з довадамі злачынства падчас перадачы інфармацыі супрацоўнікам пасольства Расеі ў Кішынёве.