Bloomberg раскрыў страты «вагнераўцаў» у баі з паўстанцамі-туарэгамі
- 2.08.2024, 15:30
Многія расейскія найміты патрапілі ў палон.
У канцы ліпеня паўстанцы-туарэгі тры дні вялі баі на поўначы Малі супраць наймітаў расейскай ПВК “Вагнера”, забіўшы 84 баевікоў і 47 малійскіх вайскоўцаў, інфармуе Bloomberg. Яшчэ 30 прадстаўнікоў варожых сіл (не сказана, хто менавіта) атрымалі раны, а сямёра, сярод якіх ёсць і "вагнераўцы", патрапілі ў палон. Тэхніку і транспарт праўрадавых войскаў знішчылі або захапілі.
Для ПВК "Вагнер" гэта самыя цяжкія страты за ўвесь час дыслакацыі ў Малі, гэта значыць з 2021 года. Прарасейскія сілы прыбылі ў краіну пасля таго, як войска захапіла ўладу ў выніку двух пераваротаў і выгнала адтуль вайсковыя сілы Францыі і ААН.
Нагадаем, 28 ліпеня апазіцыйнае выданне ASTRA паведаміла, што на поўначы Малі калона ўрадавых войскаў і расейскіх наймітаў ПВК “Вагнер” патрапіла ў засаду. Іх падчас бою знішчылі паўстанцы - туарэгі-сепаратысты. Апошнія захапілі ўзбраенне і тэхніку, некаторыя баевікі патрапілі ў палон, а іншых забілі.