BE RU EN

Беларусы скардзяцца на затрымкі з паскоранай выдачай «старых» пашпартоў

  • 2.08.2024, 19:02

Як будуць залагоджваць праблему.

Беларусы скардзяцца ў МУС на затрымкі з тэрміновым і паскораным афармленнем пашпартоў узору 1996 года. Кіраўнік ведамства Іван Кубракоў узяў праблему на кантроль і раздаў даручэнні, якія павінны дапамагчы яе раўвязаць, паведамілі ў МУС.

У ведамстве адзначылі, што скаргі датычацца прамаруджвання з тэрміновым і паскораным афармленнем пашпартоў «старога» ўзору 1996 года.

«Неабходна адзначыць, што традыцыйна ў летні перыяд запатрабаванасць гэтай адміністрацыйнай працэдуры ўзрастае», - падкрэслілі ў МУС.

З ліку супрацоўнікаў цэнтральнага апарата МУС створаная маніторынгавая працоўная група, якая з 3 жніўня пачне дапамагаць з афармленнем пашпартоў рэгіянальным падраздзяленням па грамадзянстве і міграцыі.

Акрамя таго, для паскарэння працэсу вырабу і выдачы пашпартоў Цэнтр персаналізацыі дакументаў пераходзіць на 24-гадзінны рэжым працы.

Беларусам таксама прапанавалі звяртацца ў Дэпартамент грамадзянства і міграцыі МУС на гарачую лінію, якая працуе ў перыяд прыёмнага часу падраздзяленняў ГІМ.

Нагадаем, пра затрымкі з выдачай новых пашпартоў беларусы расказвалі яшчэ ў ліпені. Пазней за ўстаноўлены тэрмін атрымлівалі і тыя, хто мяняў дакументы ў звычайным парадку, і тыя, хто заплаціў за паскораны выраб (за два тыдні). У некаторых выпадках чакаць афармлення даводзілася паўтара месяца.

У Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі МУС, куды журналістка «Зеркала» патэлефанавала як фізічная асоба, пацвердзілі, што цяпер ёсць тэхнічныя праблемы з друкаваннем, але запэўнілі, што больш за паўтара месяца дакумент рабіць не могуць.

У адным з аддзелаў грамадзянства і міграцыі таксама прызналі, што затрымкі ў вырабе і выдачы пашпартоў ёсць. Там дадалі, што тэхнічныя праблемы - на баку Бюро пашпартызацыі насельніцтва, якое займаецца вырабам дакументаў. Якога менавіта кшталту непаладкі, не ўдакладнілі.

Апошнія навіны