«Верце ў сябе і ўсё атрымаецца»: беларуская батутыстка расказала, як здабыла срэбра Алімпіяды
- 2.08.2024, 18:56
Віялета Бардзілоўская раней не здабывала медалі сусветных чэмпіянатаў і этапаў Кубка свету.
19-гадовая беларуска з Магілёва Віялета Бардзілоўская сенсацыйна здабыла сярэбраны медаль Алімпіяды-2024 у скачках на батуце.
Бардзілоўская саступіла толькі тытулаванай брытанцы Брыёні Пэйдж. 33-гадовая чэмпіёнка, якая мае ўзнагароды ўсіх прэстыжных турніраў, набрала 56.480 балаў, а Віялета - 56.060. Адзначым, што брытанка выступала пасля беларускі.
Віялета раней не здабывала медалі сусветных чэмпіянатаў і этапаў Кубка свету. У яе актыве толькі медалі юніёрскага чэмпіянату Еўропы.
Таму серабро магіляўчанкі на Алімпіядзе ў спаборніцтве з самымі дасведчанымі і тытулаванымі канкурэнтамі стала сенсацыйным.
- Было незразумела, якія ў мяне шанцы, - прызналася яна пасля выступу. - Ясна, што яны ёсць заўсёды, але з маімі скачкамі гэта непрадказальна.
Галоўнае, што Бардзілоўская вытрымала барацьбу нерваў, бо канкурэнты дапускалі сур'ёзныя памылкі і нават выляталі з батута.
- Маральна было вельмі цяжка, але я вытрымала. Я паглыбілася ў свае скачкі і не сачыла за выступам іншых, - сказала Віялета.
Гэта той тып спорту, дзе менавіта суддзі вызначаюць ацэнку.
— Здалося, што брытанка была не мацнейшай за вас. Вам таксама? - Спыталі ў Віялеты.
- Так, - адказала яна і засмяялася.
Нагадаем, што беларуска выйшла ў фінал, паказаўшы другі вынік у кваліфікацыі. Яна сказала, што адбор у фінал быў «лягчэйшы, але страшнейшы»:
- Ёсць памылкі, праз якія я пазбавілася пары дзясятых, таму выйшла замала.
Бардзілоўская ўразіла сваёй упэўненасцю:
«Верце ў сябе і ўсё атрымаецца», - сказала Віялета.
Відавочна, такі цудоўны выступ здзівіў і яе саму.
- Дагэтуль не верыцца. Унутры радая, эмоцый шмат, але пакуль не магу іх звязаць, - прызналася сярэбраная прызёрка Гульняў.
Яна была радая, што сабралася ў патрэбны момант, самакрытычна адзначыўшы, што паказала добры выступ, хаця не абышлося без памылак.
- Падтрымлівала і трэнер Вольга Уласава. Медаль вельмі каштоўны для нас усіх. Увечары буду заўзецьза Івана Літвіновіча, - цытуе НАК Беларусі Віялету Бардзілоўскую.
Трэнерка Вольга Уласава працягвае медальны шлях беларускіх скачкоў на батуце. У яе былі алімпійскія чэмпіёны ў мужчынскім турніры, і вось ёсць медаль у жанчын.
- Побач ёсць мае трэнеры, падтрымка Вольгі Уласавай, якая для мяне шмат значыць. Яна ўклала ў мяне надта шмат і таксама ў мае скачкі, - сказала беларуска.