BE RU EN

Турцыя зацвердзіла пагадненне пра зону свабоднага гандлю з Украінай

  • 2.08.2024, 21:04

Цяпер аналагічную пастанову павінна прыняць Вярхоўная Рада.

Турцыя ратыфікавала пагадненне пра зону свабоднага гандлю (ЗСГ) з Украінай, паведамляецца ў афіцыйным весніку краіны Resmi Gazete. Цяпер аналагічную пастанову павінна прыняць Вярхоўная Рада, тады дакумент пачне дзеянне.

Краіны падпісалі пагадненне яшчэ 3 лютага 2022 года. У рамках яго Турцыя абнуліць мыту на 10 337 таварных пазіцый у сферы прамысловасці (93,4%) і сельскай гаспадаркі (7,6%), што складае 95% ад агульнай колькасці прадукцыі, якая экспартуецца Украінай у рэспубліку. Яшчэ на 1348 пазіцый будуць дзейнічаць квоты ці паніжаныя тарыфы.

Пасля пераходных перыядаў, якія прадоўжацца ад трох да сямі гадоў, Турцыя скасуе плату за ўвоз яшчэ для 1,5 адсотка прамысловых і 28,5 адсотка сельскагаспадарчых тавараў.

Акрамя гэтага, прадукцыя, якая вырабляецца Украінай з турэцкай сыравіны, будзе ўважацца за ўкраінскую і зможа бязмытна трапіць на рынкі ўсіх еўрапейскіх краінаў. Паводле ацэнкі ўраду краіны, пагадненне будзе штогод даваць дадаткова 2,2 адсотка да ВУП і 2,6 адсотка да прыбыткаў хатніх гаспадарак.

У сваю чаргу Украіна абнуліць мыты на 56% прамысловых і 11,5% сельскагаспадарчых тавараў. Гэтая пастанова будзе рэалізоўвацца паступова, з пераходнымі перыядамі ад 2 да 5 гадоў у першым выпадку і ад 2 да 10 гадоў у другім. Потым увозныя мыты будуць скасаваныя яшчэ для 43,2 адсотка прамысловых і 53,7 адсотка сельскагаспадарчых тавараў.

Пры гэтым Украіна захавае плату за ўвоз патрыманых аўтамабіляў і б/у рэчаў (сэканд-хэнд) і вызначыць трох- і пяцігадовыя пераходныя перыяды дзеяння мытаў на транспартныя сродкі і прадукцыю лёгкай прамысловасці.

У 2023 годзе аб'ём двухбаковага гандлю паміж Турцыяй і Украінай дасягнуў $7,3 млрд, з якіх украінскі экспарт склаў $4,1 млрд, а імпарт – $3,2 млрд. Значнымі артыкуламі экспарту з'яўляюцца алей (больш як $0,8 млрд), збожжа ( $0,6 млрд) і насенне алейных ($0,4 млрд).

Апошнія навіны