Юрыст распавёў, калі за продаж ужываных тавараў да беларусаў наведаецца падатковая
- 3.08.2024, 18:12
Штраф да 4000 рублёў.
Напэўна, многія з нас хоць раз так прадавалі рэчы, тэхніку ці іншыя тавары, якія былі ва ўжыванні. Нехта вырас з дзіцячага камбінезона, а нехта проста захацеў абнавіць мабільны тэлефон.
Выстаўляць «лоты» на гандлёвыя Інтэрнэт-пляцоўкі законам не забаронена, аднак ёсць нюанс, праз які ў дзверы можа пагрукацца падатковая.
Юрыст Іван Райкевіч расказаў, калі беларусы могуць спаць спакойна, а калі варта задумацца аб сваіх дзеяннях.
Згодна з Грамадзянскім кодэксам, за прадпрымальніцкую ўважаецца самастойная дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб, якая накіраваная на «сістэматычнае атрыманне прыбытку». Гэта значыць, калі чалавек набыў кампутар, але з часам вырашыў прадаць яго, гэта не ўпісваецца ў рамкі прадпрымальніцтва. Аднак калі беларус перыядычна скупляе старое «жалеза», рамантуе яго і выстаўляе на продаж на онлайн-пляцоўках, гэта ўжо патрабуе рэгістрацыі ІП і выплаты падаткаў.
«…Гэта ж тычыцца і папулярнай сярод дэкрэтніц практыкі, калі яны вышукваюць у сэканд-хэндах дзіцячую вопратку вядомых марак, прыводзяць у добры выгляд, робяць прыгожыя фота і прадаюць удвая даражэй. Як правіла, заставацца ў цені нелегальны прадавец здольны нядоўга - да першага канфлікту з пакупніком», - папярэдзіў юрыст.
З ягоных слоў, абавязкова знаходзіцца кліент, які, пакрыўдзіўшыся, паведамляе ў падатковую аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Згодна з артыкулам 13.3 КоАП РБ, за гэта нелегальнаму прадаўцу пагражае штраф да 100 БВ (4000 рублёў) і да 100% даходу, часам - з канфіскацыяй.
Апроч зброі і наркатычных рэчываў, у Інтэрнэце нельга прадаваць рэшткі лекаў і вітамінаў, кантактныя лінзы і малочныя сумесі (нават калі яны цэлыя).