BE RU EN

У Кракаве знойдзены ліст беларускага шляхціча з адным з самых старых адбіткаў паштовага штэмпеля Гародні

  • 4.08.2024, 12:09

Беларус XVIII стагоддзі пісаў пра палітыку.

Гомельскі гісторык Яўген Малікаў знайшоў у кракаўскім архіве канверт з адбіткам аднаго з самых старых паштовых штэмпеляў Гародні канца XVIII стагоддзя. Пра гэта паведамляе «Мова Гомель».

Канверт з адбіткам гісторык знайшоў у архіве Польскай акадэміі навук і Польскай акадэміі ведаў, дзе шукаў дакументы пра гісторыю і архітэктуру паўднёва-ўсходняй Беларусі. Гэты прыватны ліст быў напісаны 14 кастрычніка 1778 года ў Гародні шляхцічам А. Шукевічам і адпраўлены ў Вільню канюшаму смаленскаму (прыдворнаму, які загадваў канямі і стайнямі) Юзафу Машэўскаму.

У даволі банальным зместам лісце абмяркоўваюцца мясцовыя палітычныя пытанні. Увагу гісторыка звярнуў адбітак круглага паштовага штэмпеля з надпісам Grodno, размешчаны ў куце канверта.

Як адзначае Малікаў, звыклыя для нас штэмпелі з датамі, якімі на пошце гасяць маркі, з'явіліся толькі пасля распаўсюджвання саміх марак. На беларускіх землях гэта адбылося пасля 1857 года, калі яны ўжо былі заваяваныя Расейскай імперыяй. Да гэтага ж ролю марак выконвалі самі штэмпелі ды іншыя знакі паштовай аплаты.

Выяўлены адбітак паштовага штэмпеля Гародні адносіцца да перыяду кіравання апошняга польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764–1795). Паводле ацэнкі Малікава, гэта адбітак аднаго з самых старых паштовых штэмпеляў не толькі для Гародні, але і для ўсёй Беларусі. Адзначым, што «Белпошта» афіцыйна адлічвае сваё існаванне толькі з 1995 года.

Апошнія навіны