BE RU EN

Батарэю ў iPhone 16 магутна прапампуюць

  • 4.08.2024, 13:32

Новыя мадэлі будуць аднымі з самых аўтаномных смартфонаў.

Як вядома, iPhone 16 Pro і iPhone 16 Pro Max рэкордна вырастуць у памерах. І ў буйнейшыя карпусы ўлезуць буйнейшыя акумулятары, за кошт чаго вырасце іх ёмістасць і, як вынік, час аўтаномнай працы і агульны тэрмін службы.

Паводле звестак крыніцаў GSMArena, iPhone 16 Pro атрымае батарэю на 3577 мач (амаль на 10% больш, чым летась), а iPhone 16 Pro Max – батарэю на 4676 мач, пра што ўжо былі чуткі раней.

Акрамя таго, павелічэнне часу аўтаномнай працы ў новых айфонах чакаецца за кошт змены матэрыялу корпуса батарэі на метал, што адпавядае новым патрабаванням Еўразвязу. Чакаецца, што новы матэрыял павысіць энэргаэфектыўнасць на ~10 адсоткаў.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Паводле звестак крыніцы, акумулятары будуць вырабленыя паводле новай тэхналогіі стэкавых батарэй з падвышанай шчыльнасцю энэргаэлемента, а магутнасць правадной зарадкі вырасце з 27 да 40 Вт, а з выкарыстаннем MagSafe – з 15 да 20 Вт.

У спалучэнні з паляпшэннямі энэргаэфектыўнасці новага працэсара, iPhone 16 Pro змогуць працаваць да 30 гадзінаў без падзарадкі, больш за тое, зараджацца яны будуць прыкметна хутчэй. У тэстах аўтаномнасці Tom's Guide цяперашні iPhone 15 Pro Max займае 14-е месца з 14 гадзінамі бесперапыннай працы.

Калі ў планах Apple нічога не зменіцца, серыя iPhone 16 будзе прапанаваная ў сярэдзіне верасня. Разам з імі пакажуць новыя Apple Watch, AirPods і, магчыма, iPad з iPad mini.

А вясной 2025 года выйдзе новы бюджэтны iPhone SE, характарыстыкі якога парадуюць нават Android-юзараў.

Апошнія навіны