Арменія чацвёртым разам адмовілася ўдзельнічаць у вучэннях АДКБ
- 5.08.2024, 18:56
Ерэван дыстанцуецца ад уплыву РФ.
Арменія прапусціць вучэнні Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) «Кобальт-2024» у Новасібірску. У анонсе Расгвардыі гаворыцца, што манеўры пройдуць пад кіраўніцтвам службы з 14 да 16 жніўня, у іх возьмуць удзел прадстаўнікі Расеі, Беларусі, Казахстана, Таджыкістана і Кыргызстана, якія «будуць абменьвацца перадавым досведам і ўдасканальваць навыкі ўзаемадзеяння паміж падраздзяленнямі сіл спецыяльнага прызначэння».
Удакладняецца, што спецназаўцы адпрацуюць сцэнарый па пошуку, выяўленні і знішчэнні незаконных узброеных фармаванняў; адрэпетуюць штурм будынка і транспарту з выкарыстаннем авіяцыі і беспілотнікаў, а таксама вызваленне закладнікаў і нейтралізацыю баевікоў. Арменіі ў спісе ўдзельнікаў няма. Афіцыйных каментароў ад Ерэвана ў сувязі з гэтым пакуль не паступала.
Арменія пазбягае вучэнняў АДКБ ужо чацвёрты раз. Увосень 2022 года рэспубліка не стала дасылаць свой кантынгент для ўдзелу ў манеўрах на тэрыторыі Казахстана, спаслаўшыся на абвастрэнне сітуацыі з Азербайджанам. Затым яна адмовілася праводзіць у сябе вучэнні «Непарушнае братэрства» ў 2023-м, назваўшы іх немэтазгоднымі. Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян тады заявіў, што ў цяперашніх варунках расейская вайсковая прысутнасць у краіне стварае для яе пагрозу.
Таксама Арменія не стала браць удзел у вучэннях выратавальных службаў АДКБ «Скала-2023» па ліквідацыі аварыі на ядзерным аб'екце, якія прайшлі ў Беларусі ў верасні, растлумачыўшы гэта занятасцю сілавікоў.
У лютым 2024 года рэспубліка замарозіла свой удзел у АДКБ. Пазней Пашынян заявіў, што наступным лагічным крокам стане выхад з арганізацыі. Прэм'ер неаднаразова выказваў незадаволенасць тым, што вайсковы блок, які дэ-факта ўзначальвае Расея, не выконвае свае хаўрусніцкія абавязацельствы ў дачыненні да Арменіі.
Ерэван звяртаўся да АДКБ у 2022-2023 гадах у сувязі з дзеяннямі Азербайджана, але дапамогі не атрымаў. У выніку Баку ўвёў войскі ў Нагорны Карабах. Непрызнаная рэспубліка, якая існавала з 1991 года, самараспусцілася 1 студзеня 2024 года, рэгіён былі вымушаныя пакінуць больш за 100 тысяч армян.
Пашынян падкрэсліваў, што АДКБ павінна пазначыць межы суверэннай тэрыторыі Арменіі, якія гатова абараняць, інакш блок пазбавіцца адзінай краіны-ўдзельніцы на Каўказе. Палітык таксама наракаў, што рэспубліка ўступіла ў «саюз-бурбалку», і заяўляў, што дзве краіны АДКБ, уключаючы Беларусь, дапамаглі Азербайджану ў падрыхтоўцы баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху ў 2020 годзе.