Філіпінцу паабяцалі кватэру і пажыццёвы запас ежы за золата Алімпіяды
- 5.08.2024, 20:01
Улады краіны і прыватныя кампаніі наладзілі марафон падарункаў для гімнаста.
Філіпінец Карлас Юла заваяваў два залатыя медалі ў Парыжы і стаў першым у гісторыі сваёй краіны мужчынам – чэмпіёнам Алімпіяды і першым спартоўцам Філіпінаў з дзвюма ўзнагародамі адных Гульняў. За высокія вынікі мясцовыя ўлады і кампаніі абсыпалі спартоўца падарункамі, паведамляе The Guardian.
Прэзідэнт Філіпінаў Бонгбонг Маркас на сваёй старонцы ў Facebook заявіў, што дзяржава «стала сведкай гісторыі», калі Юла атрымаў першую ўзнагароду ў вольных практыкаваннях па спартыўнай гімнастыцы, набраўшы 15,000 бала. Юла – усяго другі філіпінскі спартовец, які заваяваў алімпійскае золата. Упершыню такой узнагародай была ўганараваная цяжкаатлетка Хідылін Дыяс у 2020 годзе.
На наступны дзень пасля свайго трыюмфу Юла зноў апынуўся на верхняй прыступцы пастамента ў апорным скачку і прынёс краіне другое золата XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў. Спікер ніжняй палаты Фердынанд Марцін Рамуальдэс назваў Карласа Юла «спартовым героем» і «нацыянальным здабыткам».
Ад дзяржавы Юла атрымае 3 млн філіпінскіх песа (блізу $52 тыс.) і медаль Кангрэса. Таксама яму належыць 10 млн філіпінскіх песа ў адпаведнасці з законам, які заахвочвае спартоўцаў.
Прадстаўнікі прыватных кампаній зладзілі марафон падарункаў: цалкам мэбляваная двухпакаёвая кватэра, пажыццёвыя пастаўкі ежы з рэстаранаў, чахлоў для тэлефонаў, камплект аўтамабільных фараў, паслугі фатографа і бясплатныя эндаскапічныя працэдуры – як для спартоўца, калі яму споўніцца 45 гадоў, так і для пацыентаў, якіх Юла захоча падтрымаць.
Пасля першай узнагароды Карлас Юла не мог падабраць словы, каб перадаць свае эмоцыі: «Я не ведаю, што сказаць. Мы сапраўды маленькая краіна, таму магчымасць атрымаць залаты медаль – гэта вялікая падзея, вялікая падзея... Медаль я прысвячаю філіпінскаму народу, які падтрымліваў мяне».
Таксама паведамляецца, што Юла прапанавалі франшызу бізнэсу ў вытворчасці кавы і цытрынавых напояў і рэкламны кантракт на £ 10 млн з клінікай прыгажосці.
Дзве перамогі суайчынніка філіпінцы адзначалі ўсёй краінай. У кавярнях і рэстаранах частавалі ежай або малочнымі кактэйлямі ўсіх, каго клічуць Карлас, Калой (ягоная мянушка) або Эдрыель (ягонае другое імя).