Прэзідэнтка Грузіі выклікала на дэбаты «ценевага алігарха» Іванішвілі
- 5.08.2024, 21:41
Алігарх пакуль не адказаў на прапанову Саламэ Зурабішвілі.
Грузінская прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі выклікала алігарха, ганаровага прэзідэнта партыі ўлады «Грузінская мара» Бідзіну Іванішвілі на дэбаты.
Пра гэта яна сказала на прэс-канферэнцыі ў панядзелак, 5 жніўня, паведамляе Interpressnews.
Паводле словаў Зурабішвілі, Іванішвілі павінен публічна растлумачыць сваю пазіцыю, чаго хоча для Грузіі.
«Ніхто не можа зразумець, дзе ён, чаго хоча, навошта і што ён робіць з гэтай краінай. Я гатовая і запрашаю яго на дэбаты», – сказала яна, дадаўшы, што ганаровага прэзідэнта «Грузінскай мары» некаторыя называюць «кіраўніком дзяржавы».
У асяроддзі алігарха пакуль не каментавалі прапанову Зурабішвілі.
Бідзіна Іванішвілі – былы прэм'ер і экс-лідар «Грузінскай мары». Хоць Іванішвілі афіцыйна сышоў з палітыкі ў 2021 годзе, але апаненты ўлады пасля гэтага не раз сцвярджалі, што ён прадаўжае кіраваць краінай «з-за кулісаў» і яму падпарадкаваныя не толькі ўсе міністры, але і дзяржаўныя інстытуты.