Новым прэм'ерам Бангладэша можа стаць Нобэлеўскі лаўрэат
- 6.08.2024, 12:29
Яго называюць "банкірам для беднякоў".
Часовым прэм'ер-міністрам Бангладэша на жаданне пратэстоўцаў можа стаць Мухамад Юнус - лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2006 года. Ён ужо пагадзіўся, піша Associated Press са спасылкай на аднаго з лідараў студэнцкага пратэсту.
Будучы эканамістам, Юнус, якому зараз 84 гады, атрымаў Нобэлеўскую прэмію за развіццё сістэмы мікракрэдытавання ў Бангладэш. Ён заснаваў банк Grameen, які выдае мікрасубсідыі пад невысокі адсотак, што дазваляе выжываць многім бангладэшцам. Юнус атрымаў мянушку "банкір для беднякоў", піша "Радыё Свабода".
Пасля атрымання прэміі Юнус заявіў аб планах удзельнічаць у палітыцы Бангладэша. З часам ён адмовіўся ад ідэі заснаваць уласную партыю, але працягнуў палітычную актыўнасць і заняў апазіцыйны бок.
У студзені 2024 года Юнуса прысудзілі да шасці месяцаў турмы за парушэнне працоўнага заканадаўства. Ён не прызнаў віну і называў свой пераслед палітычным.
Лідары пратэстаў заклікалі хутчэй распусціць парламент і прызначыць выбары, паабяцаўшы вылучыць яшчэ некалькі кандыдатур у часовы ўрад. Таксама яны заявілі, што не прымуць урад, прызначаны вайскоўцамі.
5 жніўня на фоне пратэстаў, падчас якіх за некалькі тыдняў загінулі каля трохсот чалавек, прэм'ер-міністарка Бангладэша Шэйх Хасіна пайшла ў адстаўку і пакінула краіну на вайсковым гелікаптэры. Тады ж начальнік войска Бангладэш Уокер-уз-Заман сустрэўся з лідарамі палітычных партый і вядучымі выкладчыкамі, пасля чаго заявіў, што будзе сфармаваны часовы ўрад.