У новага галоўнага лекара 6-ай лякарні Менска ўзніклі вялікія праблемы
- 6.08.2024, 20:06
Прычыны характэрныя.
Крыніцы тэлеграм-канала «Белыя халаты» паведамляюць, што на адной з апошніх калегій Міністэрства аховы здароўя ўзніклі вялікія праблемы ў новага галоўнага лекара 6-й гарадской клінічнай лякарні Менска Віктара Аносава. Прычыны характэрныя: ён кіруе ўстановай усяго 3 месяцы, а за гэты час з яе звольнілася 75 медработнікаў.
На сёння на сайце лякарні заяўлена аб адкрытых вакансіях па 24 медыцынскіх спецыяльнасцях.
Пошук новага галоўнага лекара лякарні пачаўся яшчэ вясной. Віктар Аносаў быў адным з імаверных кандыдатаў, але пасля высветлілася, што ў яго ёсць «Карта паляка». Давялося каяцца і адмовіцца ад карты, што дазволіла яму пайсці на павышэнне (да гэтага ён працаваў намеснікам па навуцы ў РНПЦ траўматалогіі).
Як распавялі ў 6-м шпіталі, прычыны масавага звальнення людзей не столькі ў нейкіх палітычных рэпрэсіях, колькі ў чалавечых якасцях Віктара і яго падыходзе да кіраўніцтва.
Тэлеграм-канал папрасіў калегаў апісаць стыль яго працы, і яны адзначылі вельмі кепскі характар і вельмі дрэннае стаўленне да супрацоўнікаў лякарні, асабліва да малодшага і сярэдняга персаналу.
Адна з канкрэтных прэтэнзій — планавыя аперацыі, якія павінны праводзіцца цягам працоўнага дня, якія стала пераносяцца на непрацоўны час, і медыкі вымушаныя браць на сябе дадатковую нагрузку пры і так насычаным графіку.