Конь скінуў рэкардсмена свету ў канкуры ў фінальным турніры Алімпіяды
- 6.08.2024, 18:01
Спартовец нумар адзін у канкуры заявіў, што гэта быў яго апошні буйны чэмпіянат разам са скакуном Каралём Эдвардам.
Швэдскі наезнік Хенрык фон Экерман, прызнаны спартовец нумар адзін у канкуры, пасля моцнага старту раптоўна быў скінуты са спіны жарабца Караля Эдварда. Аб падзеі ў Парыжы распавялі Expressen.
Амаль 16 тысяч чалавек сабраліся 6 жніўня ў парку Версальскага палаца на апошнія спаборніцтвы ў конным спорце. Пасля ідэальнага старту Экермана скінула з каня ў сярэдзіне забегу. Са слоў эксперта Петранэлы Андэрсан, скакун рэзка спыніўся без бачнай прычыны, праз што спартовец страціў раўнавагу і ўпаў.
Пасля правальнага выступу на Алімпіядзе 6 жніўня Экерман заявіў, што яму сорамна, і ён «проста хоча вярнуцца дадому да сына і сям'і». «Ганебна дрэнна, апраўданняў няма», – перадае Expressen словы Хенрыка фон Экермана. Таксама швэд заявіў, што гэта быў ягоны апошні буйны чэмпіянат разам з Каралём Эдвардам.
Швэдская каралеўская пара прысутнічала ў Версалі і стала сведкам падзення наезніка. Кароль Карл XVI Густаў падтрымаў спартоўца і правёў паралель з сітуацыяй, якая адбылася з яго бацькам на Алімпійскіх гульнях 1936 года ў Берліне: «Гэта як калі мой бацька ўдзельнічаў у Алімпіядзе ў канкуры ў 1936 годзе, і яго конь адмовіўся. У той раз таксама ўсё пайшло не вельмі добра, але прайшло ўжо шмат часу».
Золата ў фінале ў канкуры здабыў нямецкі наезнік Крысціян Кукук. На другім месцы размясціўся Стыў Герда са Швэйцарыі, а бронзу здабыў Майкел ван дэр Флейтэн, які выступаў за Нідэрланды.