Спадчыннік Бубкі на Алімпіядзе перасягнуў сучасных футбалістаў у хуткасці
- 6.08.2024, 19:06
Скакун з шастом Арман Дзюпланціс восьмы раз абнавіў сусветны рэкорд.
Шведскі скакун з шастом Арман «Мандо» Дзюпланціс падчас устанаўлення сусветнага рэкорду на Алімпіядзе разагнаўся да 38,2 км/г, а ў скачку дасягнуў вышыні 6,72 м пры планцы на 6,25 м (сусветны рэкорд).
Да сваіх 24 гадоў Дзюпланціс восьмы раз абнавіў рэкорд і здабыў другое золата Алімпіяды. А ў 20 гадоў перасягнуў дасягненне Сяргея Бубкі (6,14) на адкрытых арэнах, якое трымалася з 1994 года. З часоў Бубкі ў мужчынскіх скачках з шастом не было такога дамінантнага атлета.
Унікальнасць Дзюпланціса палягае ў тым, што ён непадзельна дамінуе ў скачках з шастом, хоць па фізічных характарыстыках саступае канкурэнтам і ў росце, і ў атлетычнасці. Усё гэта «Мандо» кампенсуе найвышэйшай тэхнікай і выдатным разгонам.
38,2 км/г - добры паказчык для многіх гульнявых тыпаў спорту, дзе хуткасць мае не меншае значэнне. Да прыкладу, 38,2 км/г не дасягаў ніводны з дзейных футбалістаў. Больш за тое, з 2020 года ніводнаму футбалісту не ўдалося дасягнуць 38 км/г.
Сярод футбалістаў «Монда» па хуткасці перасягае толькі француз Цьеры Анры, які на дамашнім чэмпіянаце свету-1998 разагнаўся да 39,2 км/г. Аднак рэкорд Анры не прызнаны вядучымі футбольнымі арганізацыямі праз адсутнасць у тыя гады тэхналогій для вымярэння. Толькі ў другім дзесяцігоддзі XXI стагоддзя статыстычныя кампаніі вымералі хуткасць па відэазапісе.
З дзейных гульцоў самым хуткім з'яўляецца Мбапэ. У 2019 годзе ў матчы чэмпіянату Францыі супраць «Манака» ён дасягнуў 38 км/г. Пры гэтым для паўтарэння рэкорду Усэйна Болта на стомятроўцы (9,58 секунды) сярэдняя хуткасць на дыстанцыі павінна скласці 37,58 км/г, але разганяцца давядзецца з нуля.
Французскі форвард не раз дэманстраваў фенаменальную хуткасць у афіцыйных матчах. Напрыклад, шэраг крыніц сцвярджаюць, што ў матчы 2021 года з «Марсэлем» ён дасягнуў 39 км/г. Але статыстычная кампанія, якая абслугоўвае матчы чэмпіянату Францыі, не змагла пацвердзіць гэтыя звесткі.
У тройку найхутчэйшых у 2023 годзе ўвайшоў ірландскі абаронца «Удынэзэ» Фэсці Эбасэле — яго пікавая хуткасць у матчы чэмпіянату Італіі з «Міланам» склала 37,8 км/г.