Патруль ДАІ праследаваў жыхара Докшыц і страляў яму па колах
- 9.08.2024, 10:24
Беларус спрабаваў уцячы нават на прастрэленых шынах.
У Докшыцкім раёне бяспраўнік на мікрааўтобусе спрабаваў уцячы ад пагоні. Яго спынялі са стралянінай, але нават спушчаныя шыны не адразу спынілі кіроўцу, паведамілі ў неафіцыйным канале МУС.
Пагоня пачалася ў Докшыцах - там інспектары ДАІ падалі сігнал аб спыненні кіроўцу мікрааўтобуса, але той толькі паскорыўся. Пачаўся пераслед, супрацоўнікі неаднаразова патрабавалі спыніцца, але кіроўца іх ігнараваў і нават паскараўся.
«Інспектарам давялося выкарыстоўваць табельную зброю. Зрабіўшы некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, яны стрэлілі па колах аўто. Нават на спушчаных шынах кіроўца не пакідаў спробаў уцячы - ён кінуў аўто і паспрабаваў схавацца, але быў затрыманы інспектарамі», - распавялі ў МУС.
Высветлілася, што за стырном быў 28-гадовы жыхар Докшыц. Нядаўна ён быў пазбаўлены пасведчання за п'янае кіраванне, але пасля гэтага ўжо двойчы паспеў трапіцца.
Складзены пратаколы за невыкананне патрабаванняў аб спыненні і стварэнне аварыйнай абстаноўкі.