Не толькі аэрадром і склад з КАБ: Які важны аб'ект яшчэ маглі падбіць УСУ ў Ліпецку
- 9.08.2024, 22:58
Украіна разбурае здольнасці Расеі ў авіяцыі.
Узброеныя сілы Украіны ноччу 9 жніўня атакавалі аэрадром «Ліпецк-2», размешчаны ў Ліпецкай вобласці Расеі. На ваенным аб'екце былі некалькі дзясяткаў знішчальнікаў, гелікаптэры і склады, дзе захоўвалася больш за 700 кіраваных авіябомбаў.
Акрамя таго, у Ліпецку на авіябазе размешчаны 4-ы Цэнтр баявога ўжывання і перанавучання лётнага складу, які з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Расеі. Падрабязней пра гэта «24 Каналу» расказаў кіраўнік украінскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.
Вельмі важны аб'ект
4-ы Цэнтр баявога ўжывання і перанавучання лётнага складу займаецца навукова-інавацыйнымі даследаваннямі ў вывучэнні і даследаванні сістэмаў, якія павінны палепшыць эфектыўнасць і працу расейскай авіяцыі.
– Гэта даволі важны аб'ект і сур'ёзная падзея, – адзначыў Мусіенка.
Такія цэнтры манітораць усё, што адбываецца падчас вядзення баявых дзеянняў і ўносяць карэктывы, а таксама тэхналагічныя навацыі для ўдасканалення магчымасцяў палётаў расейскіх самалётаў і паляпшэння іх здольнасці і эфектыўнасці.
– Сістэмнасць працы ўкраінскіх сілаў заключаецца не толькі ў тым, каб наносіць удары па аэрадромах тактычнай авіяцыі ворага, адкуль ажыццяўляюцца вылеты самалётаў, якія атакуюць Кабамі, а яшчэ такім чынам Украіна разбурае здольнасці Расеі ў авіяцыі, – сказаў ваенны эксперт.
Адзначым, што на аэрадроме ў Ліпецку базаваліся розныя самалёты. Сярод іншага, Су-30, Су-34, Су-35, МіГ-31. З гэтага аэрадрома ажыццяўляліся вылеты авіяцыі, якая наносіць удары кіраванымі авіябомбамі па лініі фронту і па тэрыторыі Украіны.
Таксама на складах захоўвалася больш за 700 кіраваных авіябомбаў. Таму пасля атакі ўкраінскіх БПЛА быў магутны выбух, які прывёў да ланцужной дэтанацыі і маштабнага пажару на значнай частцы аэрадрома.
Улады Расеі пацвердзілі факт дэтанацыі і абвясцілі эвакуацыю людзей з найбліжэйшых населеных пунктаў.