Дроны масава атакавалі Маскву
- 10.09.2024, 7:42
У Падмаскоўі ўспыхнулі пажары, скасаваныя авіярэйсы.
Уночы 10 верасня ў Расеі паведамілі пра атаку БПЛА на Маскву і Падмаскоўе. Так, пра нібыта знішчэнне дрона сіламі СПА РФ заявіў мэр Масквы Сяргей Сабянін а 02:33 ночы паводле ўкраінскага часу.
«Сіламі СПА Мінабароны ў гарадской акрузе Люберцы адбіта атака беспілотніка, які ляцеў на Маскву. На месцы падзення абломкаў, паводле папярэдніх звестак, разбурэнняў і пацярпелых няма», - адзначыў чыноўнік.
Пазней Сабянін заявіў, што атака БПЛА прадоўжылася. Паводле ягоных слоў, дроны былі збіты ў Раменскай гарадской акрузе, у Падольскай гарадской акрузе, у гарадской акрузе Дамадзедава, у гарадской акрузе Каломна.
«Пры адбіцці атакі ў горадзе Раменскае ўзгаранне на ўзроўні 11/12 паверхаў жылога дома, працуюць экстраныя службы. Таксама ліквідоўваюцца наступствы падзення аскепкаў ад збітага БПЛА ў раёне аэрапорта Жукоўскі», - напісаў мэр Масквы а 05:03 раніцы паводле ўкраінскага часу.
У той жа час губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў пацвердзіў, што падчас начнога нападу БПЛА пацярпелі шматкватэрныя дамы ў Раменскім. На Спартыўным праездзе гараць кватэры ў раёне 11/12 паверхаў.
«Цяпер пажарныя тушаць агонь. Хуткая і рэанімацыі дзяжураць каля дома», - напісаў ён.
Таксама ён заявіў, што яшчэ адзін БПЛА патрапіў у дом па Высакавольтнай вуліцы. У выніку была пашкоджаная кватэра на 9-м паверсе.
"Усяго гэтай ноччу СПА збілі 14 беспілотнікаў у гарадскіх акругах Падольск, Раменскае, Люберцы, Дамадзедава і Каломна", — паведаміў ён.