BE RU EN

Зацятую лукашыстку з Талачынскага райвыканкама судзяць за хабар

  • 10.09.2024, 9:22

Галубкова ўзначальвала праўладны саюз жанчын і хваліла кожнае пасланне дыктатара.

Намесніца кіраўніка Талачынскага райвыканкама Іна Галубкова ўзначальвала праўладны саюз жанчын на Талачыншчыне і хваліла кожнае пасланне Лукашэнкі. А затрымалі яе проста ў яе кабінеце за 3 000 рублёў хабару, піша «Наша Ніва».

Іне Галубковай 52 гады. Яна была намесніцай кіраўніка Талачынскага райвыканкама больш за 10 гадоў.

У 2018 годзе яе прызначылі раённай дэпутаткай ад Талачыншчыны. Праўда, акрамя яе на выбарчым участку не было ахвотных кандыдатаў.

Таксама Галубкова ўзначальвала праўладны Беларускі саюз жанчын у Талачынскім раёне. У 2021-м яе дасылалі на Ўсебеларускі народны сход. Праводзіла яна і дыялогавыя пляцоўкі, дзе хваліла дзейную ўладу і «мудрасць» Лукашэнкі.

А ў 2023-м Галубкова так каментавала ягоны выступ: «Пасланне кіраўніка нашай дзяржавы запамінальнае ўражанне. Тыя акцэнты, якія ён расставіў у сваім шчырым і яскравым выступе, чарговым разам пацвярджаюць, што беларускі лідар выразна разумее, якія кірункі развіцця краіны патрабуюць удасканалення».

Апошні раз Галубкова была заўважаная ў медыях у студзені 2024 года. А пасведчанні аб яе затрыманні з'явіліся на пачатку лютага. Тады канал «Чуткі Віцебска» паведамляў, што яе «вывелі з кабінета ў кайданках». Са звестак канала «Віцебск, я гуляю», чыноўніцу судзяць за хабар сумай 3000 рублёў.

Іну Галубкову пачалі судзіць 22 жніўня 2024 года і яшчэ не вынеслі прысуд. Яе абвінавачваюць паводле двух артыкулаў - «атрыманне хабару ў асабліва вялікай суме або асобай, якая займае адказную пасаду» (ч. 3 арт. 430 КК) і «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў» (ч. 3 арт. 426 КК). Чыноўніцы пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі.

Апошнія навіны